Мы сустрэліся зь Сяргеем Калякіным у сьпякотны дзень 6 жніўня ля гандлёва-забаўляльнага комплексу «Марка-Сіці». Там з пачатку падпісной кампаніі стаяць пікеты ў падтрымку Анатоля Лябедзькі (Аб'яднаная грамадзянская партыя), Тацьцяны Караткевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і «Гавары праўду»), а таксама самога Сяргея Калякіна.
«Падыходзьце, не саромейцеся, пастаўце подпіс, дайце шанец сабе, мне, людзям. Дзьве хвіліны часу, ніякіх страт!», - актыўна заклікаў грамадзян старшыня «Справядлівага сьвету». «Рызыкаваць трэба», - так выказала сваю нерашучасьць адна грамадзянка, агучыўшы боязь многіх, хто баяўся падысьці да пікету.
Аднак усё ж больш адважныя падыходзілі, бо ня кожнага дня можна ўбачыць такога вядомага ў Беларусі палітыка, аднаго з апазыцыйных палітычных «цяжкавагавікоў». Спакуса была вялікая... Зь Сяргеем Калякіным фатаграфаваліся, гутарылі пра чыноўнікаў, якія ніяк у цяперашні час не залежаць ад грамадзян, а таму безадказныя перад імі, і адзінае тут выйсьце - свабодныя выбары кіраўнікоў абласных і гарадзкіх адміністрацыяў. «Гэта ж ва ўсім сьвеце існуе, гэтага трэба дамагчыся нам, - тлумачыў лідэр «Справядлівага сьвету». - Чаму мы такія, як у каменным веку?»
Пэнсіянэры, што падыходзілі, распавядалі пра свае праблемы, і ім Сяргей Калякін растлумачыў: «Сёньня пэнсіянэры мне і Лябедзьку павінны сказаць дзякуй. Калі б мы не ўключыліся ў гэтую кампанію, ніколі Лукашэнка не паабяцаў бы павелічэньне пэнсіяў на 5%. Вось калі мы ўключыліся, ён сказаў: трэба адшукаць рэзэрвы, грошай няма, але трэба знайсьці. Гэта просты сацыяльны подкуп». Пэнсіянэры таксама цікавіліся ў палітыка пра яго адукацыю. Сяргей Калякін адказаў, што ў яго іх дзьве. Па-першае, ён радыёінжынэр, а па-другое скончыў філязофска-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Падчас абмеркаваньня палітычных тэмаў не абышлося і без кансьпіралёгіі. Аднаго пэнсіянэра дужа цікавіла, колькі беларусы плацяць Ротшыльдам. Сяргей Калякін выявіўся абазнаны і тут, толькі ягонае тлумачэньне было куды больш рацыянальным. Ён патлумачыў, што Аляксандар Лукашэнка набраў у агульнай складанасьці 40 мільярдаў даўгоў, і цяпер на кожнага беларуса прыпадае 36 сярэдніх заробкаў, якія ён павінен выплаціць «па даўгах Лукашэнкі». Увогуле, ніякай містыкі і антимасонства, хоць сацыяльную палітыку цяперашніх грэцкіх левых Сяргей Калякін падтрымаў, ён перанёс на рэкамэндацыі МВФ адказнасьць за эканамічны крызыс у Грэцыі.
На 5 жніўня, як распавёў лідэр «Справядлівага сьвету», у падтрымку яго кандыдатуры сабраныя 40 000 подпісаў. Паводле яго слоў, такі тэмп збору подпісаў недастатковы, і задача актывізацыі падпісной кампаніі стаіць востра. Словы Сяргея Калякіна на сустрэчы з грамадзянамі былі даходлівыя і красамоўныя: «Калі вы мне не дапаможаце, то нічога я не зраблю. І вам гэта трэба ня менш, чымся мне. Таму ўсё ў вашых руках».
Прапануем чытачам інтэрвію зь вядомым беларускім палітыкам, якое было ўзятае падчас сустрэчы зь віцебскімі выбаршчыкамі.
- Сяргей Іванавіч, ці Вы сур'ёзна ўпэўненыя ў станоўчых выніках для Вас ці якога-небудзь іншага кандыдата ад апазыцыі, або ўсё-такі ў большай ступені вылучаецеся дзеля пэўнага «акту прысутнасьці»?
- Калі людзі разумеюць, што ім патрэбная альтэрнатыва, яны мяне падтрымаюць, бо людзям гэта трэба нагэтулькі ж, наколькі і мне. Вось я быў сёньня на тэлевізійным заводзе, дзе калісьці працавалі 8000 чалавек, а цяпер уся зьмена выйшла за пяць хвілін. Зарплаты - ніякай, пэрспэктывы ніякай. Ну, калі гэта іх задавальняе - тады навошта ім альтэрнатыва? Значыць, ня будзе і ў мяне ніякай пэрспэктывы. А калі яны хочуць нейкую пэрспэктыву, тады мусяць разумець, што ў сьпісах для галасаваньня павінен быць не адзін чалавек, а некалькі, каб быў выбар. Таму ўсё ў руках людзей. А упэўнены я ці ня ўпэўнены - на гэта адказ мусяць даць людзі.
Я аказаўся гатовы ўключыцца ў гэтую барацьбу, што ня так проста. І хачу сказаць, што мае крэўныя былі не ў захапленьні, што лета я праводжу менавіта такім чынам...
- У чым адметнасьці пазыцыі «Справядлівага сьвету» ў межах сёлетняй кампаніі?
- Тут няма нічога прынцыпова новага ў параўнаньні з тым, што мы казалі раней. Мы мяркуем, што нашы людзі могуць жыць лепш, што эканоміка можа працаваць лепш, для гэтага трэба правесьці пэўныя рэформы. У тым ліку рэформы ў палітычнай галіне. Як паветра, неабходныя рэформы дзяржаўнага і гаспадарчага кіраваньня. Трэба даць у тым ліку кіраўнікам права на рызыку, а то яны лічаць, што ў нас адзін чалавек у краіне ўсё ведае і ўсё ўмее: як дзяцей нараджаць, як касой касіць, як сеяць, як убіраць... Так не бывае ў ніводнай краіне. Таму ёсьць сыстэма кіраваньня, ёсьць навука дзяржаўнага кіраваньня. Яе трэба папросту ўжываць. Гэта грошай не каштуе, але гэта ўжо дасьць эфэкт.
Далей, калі не зьмяніць уладу, то гэтай уладзе ніхто грошай на інвэстыцыі на разьвіцьцё вытворчасьці ня дасьць. Растлумачу чаму. Таму што яны ўжо чатыры разы буйна памыліліся. Першы раз з «Фордам», калі быў пабудаваны завод пад Менскам: улада ўзяла - і цалкам зьмяніла інвэстыцыйную дамову. Так, «Форд» тады страціў 40 мільёнаў. Але, перш за ўсё, страціла Беларусь, бо мільярды не прыйшлі. Потым піўзавод «Балтыку» будавалі ў нас. На 25 мільёнаў мы расейцаў «пакаралі». Але ўсё гэта не мінае бясьсьледна.
Магчымасьць для прыцягненьня інвэстыцыяў у Беларусі зараз болей, чымся ў Кітая. Кітай проста ня ведае, куды падзець інвэстыцыі ў яго эканоміку, ён ад іх проста адмаўляецца. Любога інвэстара цікавяць толькі два пытаньні. Першае - максымальны прыбытак на ўкладзеныя інвэстыцыі. А для гэтага - чым ніжэйшая зарплата ў краіне, чым ніжэйшы кошт энэргарэсурсаў, тым больш можна атрымаць. Але гэтага мала. Другое - што ўклаўшы грошы сюды, заўтра іх не адбяруць. Яму патрэбныя гарантыі, а ён ужо не паверыць гэтаму ўраду. Таму спадзявацца на тое, што ў нас будуць інвэстыцыі, проста глупства. У пляне на бягучую пяцігодку ўрад абяцаў, што ён у два разы павялічыць інвэстыцыі. А па факце - цяпер толькі 30% ад таго, што было ў 2010 годзе. Тут ніякай дынамікі няма, і ня будзе. А калі ня будзе інвэстыцыяў - у нас жа няма грошай унутры краіны, ані ў Лукашэнкі, ані ў краіны ў цэлым, каб пераабсталяваць вытворчасьць - і калі не пераабсталяваць, ня будзем мы вырабляць прадукцыю, якая будзе купляцца. Таму што мы працуем шмат у чым на яшчэ пасьляваенным абсталяваньні.
Нам трэба навучыцца таксама проста рацыянальна выкарыстоўваць тое, што мы маем. Мы не такая ўжо і жабрацкая краіна. Але мы марнуем з вамі на так званыя «агульнадзяржаўныя патрэбы» 20% бюджэту, то бок мы трацім гэтыя грошы на бюракратыю, кожны пяты рубель. Летась увялі дванаццатую рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Кошт пытаньня: 25 000 двухпакаёвых кватэр. Дык ці патрэбная дванаццатая рэзыдэнцыя, або можна было абысьціся безь яе? Сёлета паведамлялася, што будуць будаваць «маленькую прэзыдэнцкую паліклініку» за 100 мільёнаў эўра. Гэта толькі два вядомыя прыклады. Трэба перагледзець выдаткі дзяржаўнага бюджэту. Паменш даваць чыноўнікам, пабольш накіроўваць у вытворчасьць і сацыяльную сфэру.
Вось як пабудавалі Віцебскі тэлевізійны завод яшчэ ў Савецкім Саюзе, тады ён быў вядучым прадпрыемствам, але нічога новага там за апошнія 20 гадоў не зьявілася. Хоць мелі выдатныя ўмовы, бо Расея дала за апошнія 10 гадоў 100 мільярдаў даляраў проста ў якасьці падарунку, за кошт нізкіх коштаў на нафту. Мы гэта спусьцілі ў туалет. Вось, дарэчы, Славянскі базар. Добрае сьвята... Але яно грошай таксама каштуе. Мабыць, варта было б лепш запусьціць тэлевізійную вытворчасьць, каб людзі зарплату мелі? Але гэта ўсё дробязі, а ў цэлым у краіне «набягаюць» мільярды і дзясяткі мільярдаў...
- Якія Вашы ўражаньні ад знаходжаньня ў Віцебску? Што наведалі і як ацэньваеце патэнцыйную выбарчую актыўнасьць грамадзян?
Раніцай я быў у Полацку, і мяне ўразіла там вельмі высокая актыўнасьць, я магу сказаць, што мы прастаялі там паўтары гадзіны, і 70 подпісаў людзі паставілі. А потым прыехаў у Віцебск на Тэлевізійны завод... Ну, па-першае, як я казаў, там мала людзей. А па-другое, такое ўражаньне, што людзей там чымсьці моцна спалохалі, або кіпенем аблілі, яны такія былі, як абвараныя.
- Усё-ткі ці выгадна цяперашняму прэзыдэнту ўступаць у барацьбу з сур'ёзнымі кандыдатамі, каб зацьвердзіць меркаваньне пра ўласную пасьпяховасьць?
- З сур'ёзнымі - не. Ён мае падстаўных кандыдатаў. Гэта Віктар Цярэшчанка, Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч. Мы ж ня пойдзем ні на якія фокусы. Калі людзі не падпішуцца, няхай жывуць з Лукашэнкам... Але на ўсялякі выпадак, раптам, каб аднаму не заставацца, у яго ёсьць страхоўка, ён іх узяў у кампанію.
- Ці адбываецца супрацоўніцтва або каардынацыя вашых дзеяньняў зь іншымі партыямі ў межах кампаніі па зборы подпісаў?
- З рознымі партыямі па-рознаму. Мы маем блёк левых партыяў, якія нас абсалютна падтрымліваюць. Гэта Беларуская партыя жанчын, Беларуская партыя працоўных, яны працуюць у нашай камандзе. З астатнімі дэмакратычнымі партыямі мы, прынамсі, адзін аднаму не перашкаджаем, і выступаем салідарна ў выпадку парушэньня нашых правоў. Мы не ўспрымаем, быццам яны зьяўляюцца нашымі «канкурэнтамі». Я мяркую, што найважнейшая задача, каб дэмакратычныя кандыдаты прайшлі ў этап галасаваньня, каб была альтэрнатыва. Будзе страшна і жахліва, калі ён застанецца адзін і скажа, што нікога няма, галасуйце, грамадзяне, за мяне. Гэта трагедыя будзе.
На жаль, назіраецца такі лёс: чым горш чалавеку, чым менш у яго заробак, тым менш у яго назіраецца палітычная актыўнасьць. Хоць павінна быць, здавалася б, наадварот. Я як палітоляг скажу вам пра даўно вядомы прынцып: дыктатарам выгадна, каб людзі жылі бедна. Тады гэтыя людзі будуць залежаць ад дыктатараў. Калі людзі жывуць вольна і багата, яны самі могуць вырашаць свае праблемы, і дыктатар ім не патрэбны. Гэтае правіла дзейнічае ўсюды, ня толькі ў нашай краіне. Таму некаторыя нашы людзі дзівяцца: чаму ў іх зарплата не расьце? Ды таму што выгадна яму.
- У цяперашні час у беларускім грамадзтве назіраецца разыходжаньне меркаваньняў пра пэрспэктывы супрацоўніцтва з Расеяй, зыходзячы, перш за ўсё, зь вядомых ваенных падзеяў ва Ўкраіне. Як Вы ставіцеся да пэрспэктываў гэтага супрацоўніцтва?
- Калі мы адмовімся ад супрацоўніцтва з Расеяй, наогул будзем хадзіць галодныя, без штаноў і халодныя. Возьмемся за сякеры і будзем шукаць сабе пражытак. І засячом гэтую ўладу вельмі хутка. Таму сёньня нашы рынкі - там. Мы ў Эўропу пастаўляем калійныя ўгнаеньні і перапрацаваную расейскую нафту. Усё. Больш нічога ад нас не бяруць туды. Таму тыя, якія кажуць, што трэба тут замежжа пабудаваць з Расеяй, у іх з глуздам ня ўсё добра.
- У чым Ваша пазыцыя як прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах адрозьніваецца ад больш лібэральнай эканамічнай і палітычнай пляцформы?
- Наша партыя кажа пра тое, што праблемы людзей павінна вырашаць, у тым ліку, і дзяржава. Бо дзяржаву людзі стварылі дзеля таго, каб яна дапамагала ім вырашаць сацыяльныя, эканамічныя і іншыя праблемы. У лібэралаў, у тым ліку і ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, падыход іншы: кожны чалавек мусіць вырашаць свае праблемы сам. Дайце яму свабоду, і ён будзе вырашаць свае праблемы. Вось у гэтым найгалоўнейшае адрозьненьне. Бо я мяркую, што ёсьць шмат праблемаў, якія самі людзі ня могуць вырашыць, але толькі аб'яднаўшыся...
У лібэралаў падыход такі: я дужы, здаровы, я пасьпяховы, я ўсё маю. Калі я не пасьпяховы, гэта ўжо мае праблемы... Аднак роля дзяржавы выходзіць за межы адно толькі «начнога вартаўніка над прыватнай уласнасьцю», як часта цытуе гэтыя словы Яраслаў Раманчук. Мы лічым, што гэтага мала, і дзяржава павінна ажыцьцяўляць сацыяльную абарону розных слаёў насельніцтва, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Але што тычыцца бачаньня палітычнага ладу, стаўленьня да пытаньняў дэмакратыі, у нас тут няма разыходжаньняў.
Георгі Каржанеўскі, vkurier.by