Пятніца, 31 Ліпень 2020

На мітынгу ў Шуміліне людзі заклікалі Лукашэнку сысьці з пасады прэзыдэнта

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

30 ліпеня шумна было ня толькі на мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Менску – шумна было і ў Шуміліне. Ня менш за 150 шумілінцаў прыйшлі на мітынг, каб выказаць сваю падтрымку кандыдатцы. І гэта – не зважаючы на запалохваньне з боку мясцовага кіраўніцтва: людзей папярэдзілі пра нэгатыўныя наступствы для тых, хто наважыцца прыйсьці на імпрэзу. Аднак месьцічаў прыйшло куды больш, чым нават на Дзень перамогі ў траўні.

«Лукашэнка, сыходзь!»

Сустрэча з даверанай асобай Ціханоўскай Тацянай Севярынец, яе паплечнікамі і берасьцейскімі музыкамі з гурту «Laudans» у мясцовым парку атрымалася гарачай і запамінальнай. Музыкі «разагрэлі» людзей і абудзілі іх да адкрытай і шчырай размовы.

«Ціханоўская ніколі ня мела дачыненьня да палітыкі. Але пасьля арышту свайго мужа яна зразумела: калі ты не займаесься палітыкай – палітыка зоймецца табой. Палітыка пагрукала ў яе дзьверы кованым ботам. Як чалавек, дасьведчаны ў палітычным жыцьці, як маці і жонка, я вырашыла, што мушу падтрымаць гэтую жанчыну. І таму я тут, з вамі. Я заклікаю вас прыйсьці на выбары толькі 9 жніўня», – казала Тацяна Севярынец.

Выступае Тацяна Севярынец

«Лукашэнка, сыходзь!» – выгукнула. «Лукашэнка, сыходзь!» – адгукнулася грамада.

«Усякі паход пачынаецца зь першага кроку, таму зьмяняемся самі і зьмяняем навакольле. Пацісьнеце адно аднаму рукі, паверце адно аднаму і – разам да перамогі!» – заклікала Севярынец.

«Мы – адна сям’я!»

«Я хачу, каб беларусы аб’ядналіся, як іншыя народы… Мы – адна сям’я! Мы мусім падтрымаць адно аднаго! Сказаць: «Мы разам!» – пераконвала сабраных блогерка Алена Янушкоўская.

Алена Янушкоўская

Завяршыла свой выступ воклічам «Жыве Беларусь!»

«Вярнуцца да вытокаў дэмакратычнай дзяржавы»

Выступ падпалкоўніка запасу Аляксандра Якушкова, які служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня і працаваў выкладчыкам вайсковай вучэльні, быў сустрэты з асаблівай цеплынёй.

Аляксандар Якушкоў

«Чаму я падтрымліваю гэтых трох жанчын – Ціханоўскую, Цапкала і Калесьнікаву, – калі ўсё жыцьцё працаваў з мужчынамі? Таму, што цяпер самыя мужныя беларускія мужчыны за кратамі. Ва ўсіх іх – адзіная мэта: зрабіць Беларусь квітнеючай краінай! Вярнуцца да вытокаў дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

Навошта мне гэта, калі ўсё, што трэба для жыцьця, у мяне ёсьць? Але я шалею ад несправядлівасьці, якая існуе ў дзяржаве! Я зразумеў, што беларусы – нацыя, якую трэба абудзіць. Беларусы павольна запрагаюць, але потым будуць ехаць хутка. Я хачу, каб чыноўнік адказваў ня перад вэртыкальлю, а перад народам», – сказаў у прамове Якушкоў.

«Ідзіце і галасуйце за Ціханоўскую»

Працаўнік Бешанкавіцкага лясгасу на мітынг у Шуміліна прыехаў адмыслова. Ён распавёў, што на выбары хадзіў адзін раз, у 1994-м, і абавязкова пойдзе сёлета, каб прагаласаваць за Ціханоўскую. Дзесяць гадоў таму ён адмовіўся ад індывідуальнага прадпрымальніцтва, бо працаваць на штрафы ненатуральна, і пераехаў зь Віцебску ў Бешанковіцкі раён. Пабудаваў дом.

«Я не хачу зьяжджаць зь Беларусі! У 1997-м я мог зьехаць у Бэльгію ці Нямеччыну і жыць шчасьліва, але я люблю Беларусь. Люблю беларускі лес, азёры. Ідзіце і галасуйце за Ціханоўскую, але за яго (Лукашэнку) – ратуй Божа! Калі я ня маю рацыі, можаце плюнуць мне ў вочы!» – казаў выступоўца.

«Я першы раз ля мікрафону, заўжды любіў цішыню і рыбалку. Цяпер дастала, і я прыехаў сюды, бо ня мог не прыехаць і не падтрымаць Сьвятлану Ціханоўскую. Я працую ў лясгасе. Нас змушаюць працаваць бясплатна ў свой выходны, абкошваць дарогі… 20-25 рублёў мы зарабляем у дзень. Ці можна мужчыне за гэтыя грошы накарміць сям’ю?..» – абураўся мужчына.

«Дзякуй вам, што вы нас разбудзілі!»

Колішняя загадчыца вясковага клюбу Раіса Шпакава папрасіла шумілінцаў аддзячыць арганізатараў імпрэзы аплядысмэнтамі.

«Дзякуй вам, што вы нас разбудзілі! Мне баяцца няма чаго. Апошняе, дзе я працавала, – звычайнай тэхнічкай у школе. Слухайце, спрабавала нешта казаць: «Так жыць нельга, дзяцей трэба любіць…» Мне адказвала начальства: «Шпакава, твая справа – швабра і ануча!» Раз сказала, два сказала, тры сказала – і на маё месца ўзялі іншую тэхнічку. Але я не падую духам!» – расказвала жанчына.

Раіса Шпакава прапанавала прагаласаваць і абраць старшынём Шумілінскага райвыканкаму Аляксандра Якушкова, выступ якога спадабаўся шумілінцам, бо кіраўніцтва раёну зьмяняецца амаль штогод, а жыцьцё толькі пагаршаецца. Прапанову адзінадушна падтрымалі.

На заканчэньне пад Шпакава выканала песьню «Белая Русь».

«Я проста кайфую ад шумілінцаў!»

На сцэну выйшла жанчына зь вёскі.

«Узяўшы пад казырок і пачаўшы застрашваць людзей, шумілінская ўлада сама зрабіла рэклямную кампанію сёньняшняму мітынгу, таму тут столькі людзей… Чыноўнікі свае цёмныя справы робяць цішком. Яны ня пішуць службовых распараджэньняў. Яны проста палохаюць. Гэта мярзотна! І з гэтам нельга мірыцца! У людзей ёсьць пачуцьце ўласнай годнасьці, сьмеласьць. Я проста кайфую ад шумілінцаў! Хачу ўсіх аддзячыць воплескамі. Зьмяняць кіраўніцтва трэба, бо існуе непавага да людзей. Няма там ніякай харызмы, няма ніякага таленту кіраўніка, ніякага крэатыву. Нічога няма, акрамя запалохваньня і незразумелых амбіцый!» – выказалася жанчына.

Напрыканцы сустрэчы адзін з шумілінцаў выйшаў на сцэну і папрасіў Тацяну Севярынец зьняць з рукі і падарыць яму бел-чырвона-белую стужку – сымбаль пераменаў. Свой учынак ён патлумачыў тым, што хацеў галасаваць за арыштаванага ўладамі Паўла Севярынца, але цяпер заклікаў галасаваць за Ціханоўскую. Стужку ён абяцаў захоўваць як напамін пра сёлетнюю кампанію.

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.