Пятніца, 02 Кастрычнік 2020

Сяргей Сташэўскі, які прымушаў выбарчую камісію перапісаць пратакол, пакінуў пасаду

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сяргей Сташэўскі, фота: news.vitebsk.cc Сяргей Сташэўскі, фота: news.vitebsk.cc

Напярэдадні Дня настаўніка Сяргей Сташэўскі, які змушаў педагогаў з выбарчай камісіі перапісаць пратакол галасавання на карысць Лукашэнкі, пакінуў пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, паведамляюць «Народныя навіны Віцебску».

Нагадаем, што адразу пасля выбараў быў апублікаваны аўдыёзапіс, на якім кіраўнік раённай адміністрацыі «за зачыненымі дзвярыма» патрабаваў ад сябраў участковай выбарчай камісіі №25 змяніць пратакол галасавання і памяняць месцамі вынікі двух кандыдатаў – Ціханоўскай і Лукашэнкі.

Падчас сустрэчы віцяблян з Мікалаем Шарстнёвым 17 жніўня старшыня аблвыканкаму заявіў, што ў дачыненні да спадара Сташэўскага праводзіцца праверка. Аднак да гэтага часу пра яе вынікі нічога не вядома.

Пасля інцыдэнту з аўдыёзапісам Сяргей Сташэўскі знік з публічнай сферы і стаў недаступны для журналістаў. Аднак напярэдадні «Дажынак» ён браў удзел у адкрыцці пасля капрамонту дзіцячага садку № 36. Пра гэта напісалі «Віцьбічы», але фота чыноўніка не апублікавалі.

1 кастрычніка з'явілася неафіцыйная інфармацыя аб праводзінах Сяргея Сташэўскага з пасады кіраўніка раённай адміністрацыі. 2 кастрычніка гэтая інфармацыя пацвердзілася зменамі на сайце гарвыканкаму: імя і фота чыноўніка зніклі са старонкі кіраўніцтва Кастрычніцкага раёну.

Сяргей Сташэўскі пачынаў карʼеру ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, пасля працаваў у апараце Савету Міністраў на пасадзе памочніка намесніка прэмʼер-міністра. У Віцебск ён пераехаў 11 гадоў таму, атрымаўшы спачатку пасаду намесніка, а потым, у 2010 годзе, кіраўніка адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Кастрычніцкім раёнам спадар Сташэўскі кіраваў каля 6 гадоў, ад снежня 2014 года.