Аўторак, 25 Студзень 2022

Як лепш дзейнічаць на «рэферэндуме». Стратэгія Ціханоўскай ці кампанія «Забяры свой голас»?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Адразу пасля абвяшчэння даты правядзення «рэферэндуму» ў сацыяльных сетках пачалася дыскусія аб эфектыўнасці кампаніі «Забяры свой голас». Аўтары прапанавалі стратэгію своеасаблівага «байкоту» замест стратэгіі штабу Ціханоўскай ператварыць рэферэндум у «вотум недаверу» рэжыму.

Роскід меркаванняў у сацыяльных сетках наконт прапановы не аддаваць свой голас аказаўся дастаткова вялікім. Аднак прыхільнікаў прапановы аказалася значна менш, чым супернікаў. Але самая ідэя шмат каму падалася цікавай. У цэлым пераважная большасць сышлася ў меркаванні, што прапанова «Забраць свой голас» падчас галасавання на рэферэндуме мае права прысутнічаць у публічнай прасторы.

Калі коратка, сутнасць кампаніі «Забяры свой голас» складаецца з наступнага. Яна выкладзена аўтарамі ў выглядзе паслядоўных дзеянняў грамадзян на ўчастках для галасавання.

Сутнасць кампаніі «Забяры свой голас»

Алгарытм рэалізацыі гэтай акцыі такі:

  1. Грамадзянін прыходзіць на ўчастак для галасавання.
  2. Атрымлівае бюлетэнь, падпісаны двума сябрамі камісіі (патрабаванне Выбарчага кодэксу РБ).
  3. Заходзіць у кабінку для тайнага галасавання.
  4. Робіць падмену бюлетэня на чысты ліст паперы, прынесены з сабой.
  5. Перакладае чысты ліст некалькі разоў.
  6. Выходзіць, з кабіны і кідае «ляльку» ў скрыню для бюлетэняў.
  7. Захоўвае бюлетэнь як сведчанне таго, што ён не аддаў свой «сапраўдны голас» за «фальшывую Канстытуцыю».
  8. Паведамляе на платформу «Голас» дадзеныя выбарчага ўчастку, на якім быў канфіскаваны бюлетэнь для галасавання.
  9. Адбываецца альтэрнатыўны падлік галасоў па кожным участку і па краіне ў цэлым, вынесеных з выбарчых участкаў.
  10. У выніку грамадзянскай супольнасці стане вядомы ўзровень фальсіфікацыі вынікаў галасавання, якое можна даказаць.

Былы палітвязень праваабаронца Міхаіл Жамчужны лічыць кампанію байкоту «Забяры свой голас» слабой альтэрнатывай у параўнанні з прапанаванай Стратэгіяй беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

«Лічу, што трэба падтрымаць стратэгію галасавання на рэферэндуме, агучаную Святланай Ціханоўскай. На мой погляд, гэта зразумелая і эфектыўная стратэгія для большасці грамадзян нашай краіны. Усе астатнія прапановы, накіраваныя ўразрэз прапановы Ціханаўскай і яе штабу, павінны быць праігнараваныя грамадствам. Рэферэндум у любым выпадку адбудзецца па сцэнары ўладаў. Але ў каманды Ціханаўскай выдатны план супрацьдзеянняў, і я яго цалкам падтрымліваю», – падзяліўся сваёй пазіцыяй Жамчужны.

Іван Чайка