Чацвер, 10 Люты 2022

Паўлу Левінаву патлумачылі ў ЦВК і МЗС, чаму беларусы замежжа не змогуць прагаласаваць на «рэферэндуме»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Павел Левінаў Павел Левінаў

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, які знаходзіцца цяпер за межамі Беларусі, звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў і Цэнтрвыбаркам з нагоды парушэння правоў беларусаў, якія жывуць за мяжой і таму не змогуць удзельнічаць у так званым «рэферэндуме». Нядаўна праваабаронца атрымаў адказы з ведамстваў.

Падставай для звароту стала выказванне прэс-сакратара МЗС Рэспублікі Беларусь Анатоля Глаза пра тое, што міністэрствам прынята «абсалютна лагічнае і абгрунтаванае рашэнне не ўтвараць участкі для ўдзелу ў рэферэндуме за мяжой у сувязі з няўпэўненасцю ў захаванні іх бяспекі з боку ўладаў краін знаходжання».

У звароце праваабаронца спасылаўся на арт.37 дзейнай Канстытуцыі, паводле якога грамадзяне краіны маюць права на ўдзел у рашэнні дзяржаўных справаў як непасрэдна, гэтак і праз свабодна абраных прадстаўнікоў. А таксама – на арт.33, які гарантуе кожнаму свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне. Павел Левінаў нагадаў і пра міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і пра заўвагі агульнага парадку №25, дзе гаворыцца, што права галасаваць на рэферэндумах падлягае толькі разумным абмежаванням, прыкладам, як вызначэнне мінімальнага ўзросту для атрымання права голасу.

Атрыманымі адказамі з МЗС і ЦВК праваабаронца застаўся незадаволены, бо гэтыя структуры не ўзяліся вырашаць праблему.

«Атрымалася як у прымаўцы «Іван ківае на Пятра, а Пётр ківае на Івана». ЦВК даслаў адказ пра тое, што ўтварэнне ўчасткаў для галасавання ёсць прэрагатывай дыпламатычных прадстаўніцтваў у замежных краінах, і МЗС палічыў немэтазгодным іх утвараць у сілу аб’ектыўных прычынаў. А намеснік міністра замежных справаў Мікалай Барысевіч напісаў у сваім адказе, што дыпламатычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь не бяруцца гарантаваць бяспеку жыцця і здароўя беларускіх грамадзянаў, таму ўчасткаў для галасавання на рэферэндуме за мяжой не будзе. А тым, хто ўсё-ткі хоча ўзяць удзел у рэферэндуме, спадар Барысевіч раіць прыехаць у Беларусь і пайсці на ўчастак па месцы жыхарства. З улікам гэтай магчымасці правы беларусаў не парушаныя, лічыць намеснік міністра», - кажа Павел Левінаў.

Праваабаронца нагадвае, што скарыстацца падобнай магчымасцю вельмі праблематычна: праз наземныя пункты пропуску ў Рэспубліку Беларусь заехаць можна, але выехаць назад раней як праз тры месяцы не атрымаецца. Што да паветранага транспарту, то самалёты з большасці дзяржаваў не толькі не садзяцца, а наагул аблятаюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Да ўсяго, каб узяць удзел у рэферэндуме, МЗС прапануе грамадзянам сваёй краіны прыехаць у Беларусь за ўласны кошт, а гэта немалыя выдаткі.

Адказаў на пытанні, чаму сёлета нельга ўтварыць участкі на тэрыторыі амбасадаў Рэспублікі Беларусь, як раней бывала на выбарах, і чаму паўстала праблема захавання бяспекі людзей, Павел Левінаў так і не атрымаў.

На ягоную думку, тлумачэнне сітуацыі вельмі простае: галасы беларусаў замежжа не маюць вагі не таму, што іх мала (менш за 1% ад колькасці патэнцыйных удзельнікаў, паводле прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза), а з той прычыны, што вынікі рэферэндуму бясспрэчна адлюструюць волю ўладаў, а таму абсалютна не залежаць ад меркаванняў грамадскасці.

Феліцыян Красоўскі