Панядзелак, 21 Люты 2022

Ахоўваць участкі для галасавання на Віцебшчыне будуць міліцыянты, дружыннікі і прадстаўнікі БРСМ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Gapon (AFP) Фота мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Gapon (AFP)

Пад аховай з 21 да 28 лютага будуць знаходзіцца ўсе 714 участкаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці. На некаторых дзяжурыць будуць адначасова па два супрацоўнікі міліцыі, паведамляе ўпраўленне МУС Віцебскага аблвыканкаму. Апрача гэтага, на ўчастках будзе ўведзены кантрольна-прапускны рэжым і дагляд змесціва сумак і заплечнікаў.

Кіраўніцтва абласной міліцыі таксама папярэджвае, што дзяжурныя міліцыянты будуць мець пры сабе мабільныя відэарэгістратары, каб фіксаваць спробы супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку ў дачыненні да ўдзельнікаў камісіяў. Паведамляецца, што ўсе ўчасткі ў абласным і раённых цэнтрах абсталяваныя «трывожнымі кнопкамі». На выпадак беспарадкаў у рэжыме кругласуткавай гатовасці будзе знаходзіцца адмысловы рэзерв супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

Апрача пільнай аховы камісіяў і ўчасткаў, з ініцыятывы пракуратуры створаная спецыяльная група «на выпадак надзвычайнага становішча». А рэгіянальная дзяржаўная прэса на сваіх старонках папярэджвае чытачоў пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Беспрэцэдэнтныя захады для аховы правапарадку ў дні датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень «рэферэндуму» сведчаць пра тое, што ўлады імкнуцца не дапусціць аніякіх праяваў нязгоды з вынікамі «народнага волевыяўлення». Адкрытае запалохванне грамадзянаў дзяржаўныя СМІ спрабуюць завуаляваць разважаннямі дзяржаўных чыноўнікаў пра «абавязак прагаласаваць за будучыню краіны», якія штодня друкуюцца на старонках абласных і рэгіянальных выданняў.

Андрэй Кот