Язэп 2015/04/08 – 21:59
Вы хочаце стаць кандыдатам. Ня страшна?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:46
Ня страшна. Удзел у выбарах – гэта законная форма ўдзелу ў палітыцы. Павінна быць так: калі дзейнічаеш па законе, то няма чаго баяцца. Я падчас сваёй выбарчай кампаніі закон парушаць не зьбіраюся. Мая мэта – дамагчыся мірных пераменаў.
alex2 2015/04/09 – 17:57
Як Вы ставіцеся да рашэньня Някляева і Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у “выбарах”? Чаму ў гэтых “выбарах” удзельнічаеце Вы?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:46
І Някляеў Уладзімер і Мілінкевіч Аляксандар – аўтарытэтныя палітыкі, і кожны зь іх мог бы быць моцным кандыдатам. Яны вырашылі ня ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў. І патлумачылі прычыны такога рашэньня – мне да гэтага дадаць няма чаго.
Што тычыцца мяне, мне не абыякава, што адбываецца ў нашай краіне. Я давяраю ідэі мірных пераменаў праз правядзеньне Народнага рэфэрэндуму, рэалізацыяй якой мы займаемся апошнія 2 гады. 120 тысяч, хто падпісаліся за Народны рэфэрэндум, маюць поўнае права і мусяць мець на выбарах свайго кандыдата.
Іван Сяргеевіч 2015/04/09 – 19:23
Ці спадзеяцеся Вы на перамогу?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:47
За пратаколы Ярмошынай, вядома, не магу ручацца, а вось заручыцца падтрымкай грамадзтва, дамагчыся правядзеньня народнага рэфэрэндуму і пачаць мірныя перамены – так. У такую перамогу я веру.
Маргарыта 2015/04/09 – 21:01
Хто ваш ідэал у палітыцы? Якая апошняя кніга, якую вы прачыталі?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:49
Для мяне ідэал палітыка, гэта тыя грамадзяне Беларусі, якія ў цяперашніх умовах не баяцца выказваць сваё меркаваньне, дамагаюцца зьменаў да лепшага і гатовыя дзеля гэтага дзейнічаць. Такімі Беларусамі я захапляюся і бязьмерна паважаю іх. З нашага мінулага мне больш за ўсё падабаецца Сапега і менскі кіраўнік канца 19 ст. Кароль Ян Чапскі.
Андрэй Майсяёнак 2015/04/10 – 16:38
Скажыце мне чый Крым – і я скажу хто вы
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:50
Я за тэрытарыяльную цэласнасьць кожнай краіны, у тым ліку і Ўкраіны.
Максім 2015/04/13 – 08:42
Калі б вы сталі прэзыдэнтам, якімі б былі вашы першыя рашэньні? Вы б адразу пазбавілі сябе тых каралеўскіх паўнамоцтваў, якімі цяпер надзелены Лукашэнка, альбо выкарыстоўвалі б іх для хуткіх рэформаў?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:52
Маё першае рашэньне – прызначыць новы ўрад, якія адразу ж зоймецца рэформамі. Там павінны быць і прадстаўнікі бізнэсу, і тыя, хто сёньня якасна робіць сваю працу ў дзяржапараце, і тыя, хто зьехаў з краіны і дамогся посьпеху за мяжой. Мы паклічам іх назад.
Будзем вырашаць складаную задачу, як прыўнесьці свабоду ў нашу эканоміку пры захаваньні сацыяльнай абароны людзей.
І рабіць гэта прыйдзецца без “каралеўскіх” паўнамоцтваў.
Лічу, што трэба павялічваць як кампэтэнцыі, так і адказнасьць ўраду, парлямэнту, мясцовых органаў улады.
Alla 2015/04/13 – 08:45
Тацьцяна, Вы лічыце сябе фэміністкай?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:51
Лічу, што патэнцыял кожнага чалавека, незалежна ад яго полу, мусіць быць запатрабаваны. У дзяржаве павінны быць створаныя ўсе ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу кожнага.
Ёсьць жа праблема, пра якую трэба казаць і на дзяржаўным узроўні. Напрыклад – аплата працы. Сёньня жанчына за выкананьне той самай працы, што і мужчына, атрымлівае ў сярэднім на 30% менш. Калі казаць пра роўнасьць, то пачынаць трэба з таго, каб прыбраць яго ў гэтым пытаньні.
Надзіральнік 2015/04/13 – 10:25
Як толькі Някляеў зрабіў сваю гучную заяву, ГП пачалі атакаваць з усіх бакоў. Як вы ставіцеся ды гэтага? І што, у прыватнасьці, адкажаце на такі закід: маўляў, ГП займаецца нікому непатрэбнай “лаўкавай” ды “дарожнай” дробязьзю, што ёсьць не палітыка, а яе імітацыя, бясьпечны занятак і, фактычна, дапамога “крываваму” рэжыму?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:54
Ад пачатку “Гавары праўду” ўтваралася, каб прадстаўляць інтарэсы людзей. І ня важна, чаго яны тычыцца, ад дзяржаўных пытаньняў да сацыяльна-бытавых, мы называем іх “лавачкамі”. Наш падыход просты: калі грамадзяне навучацца аб’ядноўвацца, каб зьмяняць нешта ў сваім двары, і будуць патрабаваць адказнасьці ад улады мясцовай, то зьмены адбудуцца і на рэспубліканскім узроўні.
Каму гэта дапаможа? Нам усім, хто жыве ў Беларусі. І хоча жыць годна.
Max Payne 2015/04/13 – 10:28
Тацьцяна, раскажыце, калі ласка, якой палітычнай ідэалёгіі вы прытрымліваецеся.
І як вы ставіцеся да пытаньня сьмяротнай кары.
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:55
Мой ідэал: сумленная эканоміка, годная сацыяльная абарона.
Упэўненая, што можна спалучаць эканамічныя свабоды і стварэньне ўмоў для вядзеньня бізнэсу і забесьпячэньне годнай сацыяльнай падтрымкі тым, хто ў ёй мае патрэбу.
Трэба зразумець, даступная адукацыя і мэдыцына – гэта не падачка ад дзяржавы яе грамадзянам. Гэта самая выгадная інвэстыцыя ў будучыню краіны.
Беларусь сёньня адзіная краіна Эўропы, дзе яшчэ дзейнічае сьмяротнае пакараньне. І гэта не падстава для гонару, а нагода для пераменаў – скасаваньня сьмяротнага пакараньня.
Кудра 2015/04/13 – 10:33
Тацьцяна, што для вас на першым месцы: а) як для палітыка; б) як для выкладчыцы ВНУ; в) як для жанчыны?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:05
а) магчымасьць прадстаўляць інтарэсы людзей
б) бачыць посьпех сваіх студэнтаў у «дарослым» жыцьці
в) мой сын
Жыстачайшы тунеядзец 2015/04/13 – 12:09
Як вы ставіцеся да нядаўняга закону аб дармаедах? Ці дасьць ён плён?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 16:56
У Беларусі сёньня шмат такіх людзей, якіх называюць фрылянсэрамі, г.зн. чалавек, у якога няма сталага месца працы, І ён атрымлівае прыбытак з замоваў, якія зьяўляюцца. Упэўненая, калі б такім людзям прапанавалі плаціць фіксаваную суму ў год, яны б пагадзіліся, навошта іх абражаць словам “дармаед”. А зь беспрацоўем трэба змагацца не праз зазіраньне ў дзіравую кішэню грамадзян, а з дапамогай новых магчымасьцяў для розных ініцыятыў і скарачэньня долі дзяржавы ў эканоміцы.
калхознік 2015/04/13 – 12:12
Што ваша каманда прапануе зрабіць у галіне сельскай гаспадаркі?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:12
Ня перашкаджаць, а дапамагаць тым, хто гатовы працаваць у гэтай галіне і рабіць бізнэс. Рэформа сельскай гаспадаркі будзе адбывацца ў кантэксьце агульнай эканамічнай рэформы.
Вышэй я ўжо адказвала, што тут галоўнае – даць людзям працаваць свабодна. Спрыяць разьвіцьцю ініцыятывы кожнага.
Тацьцяна 2015/04/13 – 14:12
Тацьцяна, ці не зьбіраецеся Вы прапанаваць сваю кандыдатуру і на пасаду кіраўніка ГП?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:07
Заўтра ў нас адбудзецца рэгіянальная рада Гавары праўду. Там мы будзем вырашаць, як будзем працаваць далей. Незалежна ад таго, якім будзе кіраўніцтва нашай арганізацыі, ўпэўненая, мэта нашай працы застанецца ранейшай – мірныя перамены.
Ізольда 2015/04/13 – 14:16
У сваіх камэнтарах з нагоды сыходу з палітыкі У.П. Някляева вы напісалі – “жыцьцё ёсьць жыцьцё” …. Што Вы ўкладвалі ў гэтыя словы? Дзякуй
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:00
Шкадую, што Ўладзімер Някляеў пайшоў зь вялікай палітыкі. Пад яго кіраўніцтвам за 5 гадоў мы стварылі такую каманду “Гавары праўду”, якая здольная эфэктыўна працаваць на дасягненьне мэты, каманду аднадумцаў, гатовых дзейнічаць у любых, нават самых складаных умовах.
Дыскусіі, рознагалосьсі, сутыкненьні розных пунктаў гледжаньня – нармальныя зьявы ў дэмакратычнай палітыцы.
Ізольда 2015/04/13 – 14:23
Як Вы мяркуеце, як паўплывае ў далейшым на дзейнасьць кампаніі “Народны Рэфэрэндум” сыход зь вялікай палітыкі У. Някляева і рознагалосьсі лідэраў наконт Кангрэсу?
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:01
Так, гэта жыцьцё. Гавары праўду будзе далей працягваць сваю дзейнасьць. Уладзімер Пракопавіч будзе працягваць сваю літаратурную і грамадзкую дзейнасьць. Застаючыся для мяне настаўнікам і маральным аўтарытэтам.
Tatiana Karatkevich 2015/04/13 – 17:11
Мы рэалізуем стратэгію “Народнага рэфэрэндуму” ўжо 2 гады, яна аб’ядноўвае мясцовыя выбары, прэзыдэнцкія і парлямэнцкія. Будзем далей прытрымлівацца гэтага па гэтым шляху.
Паводле westki.info