Панядзелак, 08 Красавік 2024

Дэпутат, старшыня сельсавета, дырэктарка гімназіі. Хто паедзе ад Браслаўскага раёна на так званы Усебеларускі народны сход?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі завяршыўся працэс вылучэння так званых кандыдатаў у дэлегаты УНС. А завяршальны этап фармавання так званага вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады працягнецца да 10 красавіка. Усебеларускі народны сход пройдзе 24 - 25 красавіка. Яго дэлегатамі стануць 1200 чалавек з усёй краіны.

Амаль тры тыдні ў Беларусі ішло актыўнае абмеркаванне і вылучэнне кандыдатур на гэтае зборышча. Сваіх прадстаўнікоў вылучылі так званыя мясцовыя Саветы дэпутатаў, Саюз жанчын і Федэрацыя прафсаюзаў, ветэранскія арганізацыі, БРСМ, праўладнае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь".

Сярод кандыдатаў у дэлегаты так званага УНС ёсць і прадстаўнікі Браслаўскага раёна. Ад раённага Савета дэпутатаў – Алена Мацеша, дэпутат ад Вайнюнскай выбарчай акругі № 19, урач агульнай практыкі, загадчык Опсаўскай амбулаторыі, ад Мяжанскага сельскага Савета дэпутатаў – Жана Акула, старшыня мясцовага сельсавета, ад Ахрэмаўскага сельскага Савета дэпутатаў – Зінаіда Махнач, - памочніца лекара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Ахрэмаўскай амбулаторыі агульнай практыкі, ад Відзаўскага сельскага Савета дэпутатаў – Жана Хадзюш, агент страхавога прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Браслаўскім раёне, ад Далёкаўскага сельскага Савета дэпутатаў – Алена Куляшова, загадчыца Далёкаўскага клуба-бібліятэкі.

Ад праўладнай грамадскай арганізацыі "Белая Русь" на абласной канферэнцыі вылучана Алена Гірон, дырэктарка ДУА "Браслаўская гімназія".

Ян Дудкін