Раней у СМІ паведамлялася, што ў дачыненьні да Грышанава праводзяцца сьледчыя дзеяньні, яго дапытваюць у межах нейкай крымінальнай справы. Па вызваленьні стала вядома, што супраць актывіста распачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 211 Крымінальнага Кодэксу (прысваеньне альбо растрата маёмасьці).
Сябры Ігара Грышанава зьвязваюць затрыманьне з тым, што Ігар мог бы ўзяць удзел у «Маршы недармаедаў», які прайшоў у Воршы 12 сакавіка. Але ён раптоўна зьнік у 11 гадзін раніцы ў дзень акцыі.
Цяпер Ігар Грышанаў з адвакатам пішуць скаргу на незаконнае затрыманьне.
Нагадаем, 7 сакавіка невядомыя асобы ажыцьцявілі напад на сядзібу ў Стаўрах, якая належыць актывісту. Зламысьнікі ўзламалі замкі і патрапілі ў памяшканьне. Зьніклі толькі дакумэнты, якія тычыліся грамадзкай дзейнасьці актывіста. А 11 сакавіка сьледчыя распачалі крымінальную справу, у межах якой і затрымліваўся Грышанаў.
На аграсядзібе ў Стаўрах вядуцца сьледчыя дзеяньні, накладаецца арышт на маёмасьць.