Серада, 08 Жнівень 2018

Міліцыя затрымала актывістак БХД, якія вярталіся ў Віцебск пасьля варты ў Курапатах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пікетаваньне рэстарацыі. Крайняя зьлева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская Пікетаваньне рэстарацыі. Крайняя зьлева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская

Затрыманьне адбылося ў другой палове дня 8 жніўня каля вёскі Бараўляны, калі група актывістаў вярталася дадому ў Віцебск пасьля варты каля рэстарацыі «Поедем поедим»​ побач з Курапатамі. Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву адвезьлі ў бараўлянскі пастарунак.

На абедзьвюх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Сьведка затрыманьня Аляксандар Квіліс апавёў, што дарогай з Курапатаў за іхнай машынай сачылі, потым яе спынілі супрацоўнікі ДАІ і загадалі чакаць міліцыю.

Тацяна Севярынец, чацьвёртая ўдзельніца «віцебскага дэсанту», сышла з Курапатаў раней.

«Падчас нашага дзяжурства ніякіх асаблівых інцыдэнтаў не было — ні боек, ні сварак. Адно што Алена ўсё здымала на відэакамэру, і гэта вельмі не падабалася ахоўнікам рэстарацыі. Магчыма, гэта галоўная прычына затрыманьня», — мяркуе Тацяна Севярынец.

Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны і паведамілі, што на працягу 10 сутак ім поштай дашлюць копіі пратаколаў. Гэтыя пратаколы спадарыні Захарава і Янушкоўская адмовіліся падпісаць, бо ня лічаць сябе вінаватымі.

Міліцыянты сказалі таксама, што судзіць іх будуць у Віцебску — па месцы жыхарства.

За чатырма жыхарамі Віцебску (Алена Янушкоўская, Ірына Захарава, Тацяна Севярынец, Аляксандар Квіліс) міліцыя сачыла 8 жніўня з самай раніцы. Па дарозе ў Менск іх тройчы затрымлівалі. У Лагойску і Лепелі правяралі дакумэнты. А ў Бешанковічах пасьля амаль што дзьвюхгадзіннага разбору на кіроўцу (спадара Квіліса) склалі пратакол за перавышэньне хуткасьці.

Паводле: БС, svaboda.org