«Мяне кінулі ў ІЧУ за тое, што я нібыта проста заклікала схадзіць на футбол. А выпусьцілі, бо ў ізалятары паднялася тэмпэратура да 37,5. Можа, праз хваляваньне, бо пастаянна пра дзяцей думала. Супрацоўнікі бегалі вакол мяне, мералі тэмпэратуру і выклікалі нарэшце хуткую. А ў хуткай сказалі сядзець да панядзелка ўдома на самаізаляцыі», – расказала Юлія Ўласенка пасьля вызваленьня.
Міліцыянты папярэдзілі жанчыну, што будуць кантраляваць яе. Настойліва папрасілі, каб 9 жніўня галасавала ўдома.
«Я радая, канечне, што мяне выпусьцілі, але ж ведаю што ў ізалятары засталася мая мама. Калі была яшчэ ў аддзяленьні, то чула яе голас. А дарэчы, што ўсьцешыла, я сядзела ў васьмёрцы, гэта нумар камэры, дык там на акне было напісана «Краіна для жыцьця», – сказала Юлія.
Блогерку Алену Янушкоўскую, маці Юліі Ўласенкі, затрымалі 7 жніўня на выбарчым участку ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, дзе яна знаходзілася ў якасьці незалежнага назіральніка і адкуль вяла «стрым». Міліцыю выклікала старшыня камісіі Ярошкіна. Блогерку вінавацяць у «хуліганцы» і парушэньні правілаў дарожнага руху.
Да суду, які адбудзецца 10 жніўня, Алена Янушкоўская будзе ўтрымлівацца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!