У аддзяленні міліцыі Таццяна Севярынец і Алена Шабуня правялі 3 гадзіны. Па словах Алены, іх абвінавацілі ў тым, што яны «ішлі па вуліцы і выкрыквалі лозунг «Жыве Беларусь».
«Добра яшчэ, што не абвінавацілі нас у тым, што лаяліся матам», – сказала Шабуня.
Але пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі міліцыянты складаць не сталі. Намеснік начальніка Чыгуначнага РАУС Дзмітрый Курыленка правёў з віцяблянкамі прафілактычную размову.
Таксама ў абедзвюх жанчын узялі адбіткі пальцаў.
Як расказала Алена Шабуня, пасля гэтага ў аддзяленне прыехаў участковы з Першамайскага РАУС і склаў на яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Падставай для складання пратаколу стаў відэасюжэт пра выгнанне з Беларусі каталіцкага ксяндза-паляка з гарадскога пасёлку Варапаева. Сюжэт быў паказаны на тэлеканале «Белсат».
Разгляд справы, заведзенай у дачыненні журналісткі, мае адбыцца 10 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Пачатак паседжання прызначаны на 15.00.
Зараз Алена Шабуня і Таццяна Севярынец знаходзяцца на волі.
Як паведамляе ПЦ «Вясна», 8 лістапада ў Беларусі былі затрыманыя больш за 1000 чалавек.
Уладзімір Бяляўскі