Чацвер, 11 Люты 2021

Аблава перад «народным сходам»: ператрусы і затрыманні ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Уначы з 9-га на 10-га лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у горадзе і Віцебскім раёне прайшлі 9 начных вобшукаў, як мінімум чацвёра віцяблян затрыманыя і знаходзяцца зараз пад вартай. Меркавана, гэта была «зачыстка» перад так званым Усебеларускім народным сходам.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, увечары 9 лютага былі затрыманыя актывісты Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна. Папярэдне, іх падазраюць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 328 КК («Незаконны абарот наркотыкаў»).

У ноч з 9-га на 10-га лютага бадай адначасова ў Віцебску і раёне прайшлі шматлікія ператрусы. Санкцыі на начныя ператрусы даваў новы пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі.

Падчас ператрусу ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёну была затрыманая маці актывісткі Ангеліны Туравец Таццяна. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і абразе службовай асобы (арт. 23.5 КаАП). 10 лютага суд Віцебскага раёну (суддзя Міхаіл Зубеня) прызнаў яе вінаватай па абодвух артыкулах і аштрафаваў на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Аднак на выхадзе з судовай залы яе чакалі ажно 10 супрацоўнікаў Віцебскага РАУС і следчага камітэту. Таццяна Туравец была зноў затрыманая – цяпер на 72 гадзіны да выстаўлення абвінавачання ўжо паводле крымінальнага артыкулу (арт. 364 КК, «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка УС»). Жанчына знаходзіцца пад вартай.

Таксама стала вядома пра затрыманне валанцёркі грамадскай арганізацыі YMCA («Хрысціянская супольнасць дарослых і маладых») Яўгеніі Пачэпкі.

Зміцер Міраш