Пасля ператрусу ў віцябляніна забралі ўсю аргтэхніку.
«Прыехалі трое «кадэбэшнікаў», сказалі, што я з’яўляюся ўдзельнікам «экстрэмісцкіх Тэлеграм-чатаў». І забралі ноўтбук, планшэт, два тэлефоны, флэшку з відэакамеры… А потым у КДБ дапыталі, ці ведаю я мадэратараў гэтых груп і ці атрымліваў я ад іх грошы або нейкія заданні. Я сказаў, што нікога не ведаю і што ўвогуле падпісаны на 30 ці нават 40 розных чатаў – каб проста ведаць інфармацыю», – паведаміў Мікола Качурэц, якога пасля размовы ў КДБ адпусцілі дамоў.
Ператрусы і канфіскацыі аргтэхнікі «для праверкі на датычнасць да падрыхтоўкі выбухаў у Вілейцы» працягваюцца ў Віцебску ўжо некалькі дзён.
Так, 3-га ліпеня ператрус адбыўся ў кватэры Кірыла Бародзіча, якога таксама звінавацілі ў тым, што ён падпісаны на «экстрэмісцкія Тэлеграм-чаты». Сярод маёмасці, забранай пасля ператрусу, былі і рэчы каханай дзяўчыны Кірыла, віцебскай грамадскай актывісткі Станіславы Цярэнцьевай. Маладыя людзі палічылі за лепшае пакінуць Беларусь у мэтах асабістай бяспекі.