Чацвер, 04 Лістапад 2021

Беларуску Яну Пінчук затрымалі ў Пецярбургу – нібыта адміністравала канал «Віцебск 97»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу

03 лістапада Васілевостраўскі суд гораду Пецярбургу арыштаваў да 10 снежня грамадзянку Беларусі Яну Пінчук. У Беларусі супраць яе распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»). Калі яе дэпартуюць, то ў Беларусі ёй пагражае да 12 год няволі.

Як паведамляе аб'яднаная прэс-служба судоў Санкт-Пецярбургу, дзяўчыну ўзялі пад варту 1 лістапада ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх праваахоўнікаў. На іхную думку, Яна Пінчук адміністравала тэлеграм-канал «Віцебск 97», у якім «публікавала паведамленні з негатыўнай ацэнкай праваахоўных органаў, заклікі прычыняць шкоду супрацоўнікам міліцыі ды іншыя экстрэмісцкія матэрыялы».

У Расеі дзяўчына жыла цягам 4 гадоў, прычым цалкам легальна, працавала ў Пецярбургу афіцыянткай. Аб тым, што была ў вышуку ў Беларусі і што супраць яе на радзіме завялі крымінальную справу, даведалася толькі 1 лістапада ад супрацоўнікаў расейскай паліцыі.

Узгадаем, што тэлеграм-канал «Віцебск 97» паводле рашэння беларускага суду быў прызнаны «экстрэмісцкім».

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі дзяўчына брала ўдзел у мірных пратэставых акцыях. Пасля выехала ў Расейскую Федэрацыю. У Беларусі за ўдзел у акцыях яе не затрымлівалі і не судзілі.

Пад вартай у Пецярбургу Яна прабудзе да 10 снежня. Яе ўтрымліваюць у мясцовым СІЗА-5.

Віталь Емяльянаў