Панядзелак, 27 Снежань 2021

Барыса Хамайду зноў затрымлівалі: супрацоўнікі МУС забралі ў яго 12 кніг

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

24 снежня каля «сіняга дому» ў Віцебску ў чарговы раз быў затрыманы апазіцыянер Барыс Хамайда. Як перадае Беларускае Радыё Рацыя, Хамайда правёў у міліцэйскім пастарунку тры гадзіны. Пратакол на яго не складалі, але забралі беларускамоўныя кнігі і выданні, якія ён распаўсюджвае ў цэнтры гораду. Хамайда падлічыў, што ў Чыгуначным РАУС Віцебску ляжаць ужо 25 кніжак, адабраных у яго падчас затрыманняў.

Барыс Хамайда расказаў выданню, што міліцыянты затрымлівалі яго «па падазрэнні ў несанкцыянаваным пікетаванні».

«Калі мяне забіралі, я спытаў: «Пратакол складаць будзеце?» Міліцыянт сказаў: «Буду!» Але ў пастарунку пратакол не складалі, проста забралі 12 кніг, перапісалі іх, апячаталі… А гэта ж звычайныя беларускія кнігі, афіцыйна выдадзеныя. Там няма за што зачапіцца, звычайныя беларускія кнігі!» – распавёў Барыс Хамайда.

Месяц таму ў Барыса Хамайды ўжо забіралі кнігі, якія ён бясплатна прапаноўваў гараджанам. Тады было канфіскавана 13 кніг, і апазіцыянер ужо атрымаў паведамленне з міліцыі, што распачынаць супраць яго адміністрацыйную справу не будуць – няма падстаў. Але кнігі дагэтуль не вярнулі.

Цяпер у аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску ўжо 25 ягоных кніжак, падлічыў Барыс Хамайда. Што да падазрэнняў у несанкцыянаваным пікетаванні, то яны таксама беспадстаўныя. На працягу апошняга году ў спадара Хамайды міліцыянты забралі ўсё, што толькі магло б быць атрыбутам пікета: бел-чырвона-белы парасон, стужкі, вышытую чырвоным на белай палатніне малітву «Ойча наш», паштоўкі… Засталася ў яго толькі стужка з беларускім арнаментам, але і тая выклікала падазрэнні ў міліцыянтаў.