Апошні раз 15 сакавіка Барыс Хамайда выходзіў на сувязь каля 14-й гадзіны. Ён патэлефанаваў журналістам, каб паведаміць, што знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Акалічнасцяў тлумачыць не стаў, паабяцаўшы паведаміць усё пазней. Аднак больш тэлефонных званкоў ад актывіста не было, і ён сам не адгукаецца на тэлефанаванні.
Знаходжанне Барыса Хамайды менавіта ў Чыгуначным РАУС ускосна сведчыць пра тое, што ён быў затрыманы каля так званага «сіняга дому». На гэтае месца ў цэнтры Віцебску ён выходзіць практычна штодня ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. Апошнія гады ён распаўсюджвае тут беларускую літаратуру і незалежную прэсу, а ягонае «працоўнае месца» кожны віцяблянін пазнаваў па бел-чырвона-белым парасоне над столікам з кнігамі, газетамі і часопісамі. Яшчэ ўлетку, падчас чарговага затрымання, у Барыса Ханонавіча забралі і парасон, і вышыванкі, у тым ліку з малітвай «Ойча наш», вышытай чырвонымі ніткамі на белай палатніне, некалькі стужак у нацыянальных колерах, паштоўкі...
Потым дайшла чарга і да беларускіх кніг: у Барыса Хамайды двойчы забіралі беларускамоўныя выданні, якія ен раздаваў ахвотным мінакам. Апазіцыянеру было заяўлена, што забраныя кнігі будуць правяраць «на экстрэмізм», але ці былі праверкі і да якіх высноваў прыйшлі міліцыянты, Барысу Хамайду не паведамлялі. Апошнія месяцы ён стаяў каля «сіняга дому» толькі з кнігамі, бо ўся іншая атрыбутыка была ўжо ў Чыгуначным РАУС.
Дарэчы, пратаколаў на актывіста апошнія разы ўжо не складалі, і адпускалі па сканчэнні трох гадзінаў пасля «прафілактычных гутарак».
Што адбылося гэтым разам, невядома. Верагодна, заўтра Барыса Хамайду будуць судзіць, і не выключана, што праз скайп. У такім разе пра акалічнасці затрымання можна будзе даведацца толькі ад самога апазіцыянера, калі ён апынецца не волі. У яго няма сваякоў, якія маглі б даведацца нейкія падрабязнасці проста зараз.
Андрэй Кот