Паводле словаў аршанца, ён збіраўся выкарыстаць дэталі ў хатняй гаспадарцы. Аднак транспартная міліцыя пачала праверку затрыманага «на датычнасць да нядаўняга крадзяжу сігнальных трансфарматараў у Аршанскім раёне», што прывяло да няспраўнасці святлафора. І высвятляе «сапраўдныя матывы» злодзея, намагаючыся разгледзець у іх нешта больш сур’ёзнае, чымсьці банальны крадзеж.
Зрэшты, гэты выпадак праўладныя інтэрнэт-рэсурсы ўжо называюць «дыверсіяй», праводзячы паралелі з іншымі нядаўнімі здарэннямі на беларускай чыгунцы.
Так, у ноч на 17 сакавіка на станцыі Ворша-Цэнтральная з рэлейнай шафы невядомыя дэмантавалі і выкралі 6 сігнальных трансфарматараў тыпу СОС2-50. Праз гэта з 21.36 па 03.00 быў няспраўны выходны святлафор. Таксама выпадкі псавання стрэлак, рэлейных шафаў, рэек зафіксаваныя на Магілёўшчыне, Меншчыне і ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі.
Затрыманых па падазрэнні ў гэтых учынках міліцыя называе «дыверсантамі» і вінаваціць у тым, што яны хацелі перашкодзіць руху цягнікоў з расейскай вайсковай тэхнікай у бок Украіны. Але часцяком пад затрыманні трапляюць людзі, якія насамрэч не рыхтавалі дыверсіяў і не нанеслі аніякай шкоды беларускай чыгунцы.
Прыкладам, на пачатку сакавіка быў затрыманы 49-гадовы віцебскі чыгуначнік. Паводле МУС, на пачатку 2022 году ён « увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для ўчынення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». На гэтай падставе была распачатая крымінальная справа за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці».
Юліян Стамброўскі