Пятніца, 23 Снежань 2022

На Віцебшчыне вырасла колькасць выпадкаў супраціву і непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй МУС, з пачатку года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 20 выпадкаў актыўнага супраціву і непадпарадкавання дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, якія падпадаюць пад санкцыі Крымінальнага кодэкса. Акрамя таго, больш за 1000 грамадзян былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні ёй паўнамоцтваў. Тое, што колькасць канфліктных сітуацый падчас зносінаў з прадстаўнікамі міліцэйскіх структур расце, з’яўляецца трывожным сігналам пра адсутнасць даверу і павагі да супрацоўнікаў МУС на фоне гвалтоўных эксцэсаў з боку апошніх.

У афіцыйных справаздачах міліцэйскае кіраўніцтва падкрэслівае, што найчасцей канфліктныя сітуацыі здараюцца падчас з-за зʼяўлення грамадзян у грамадскіх месцах у стане алкагольнага апʼянення або ўчынення іншых адміністрацыйных правапарушэнняў. Адначасова супрацоўнікі МУС прызнаюць, што такія сітуацыі вельмі неадназначныя з пункту гледжання рэгламентацыі ў дзейным заканадаўстве і службовых дакументах, якімі кіруюцца праваахоўнікі. Але яны цвердзяць, што паводзяць сябе максімальна карэктна – імкнуцца не прымаць сілавыя захады, угаворваюць правапарушальніка, просяць яго супакоіцца, папярэджваючы пра магчымыя наступствы. Між тым затрыманыя, асабліва на «палітычных» падставах, прыгадваюць факты неапраўданай жорсткасці падчас затрымання, а часам нават збіццё, не кажучы пра ненарматыўную лексіку.

Разам з павелічэннем колькасці фактаў супраціву і непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, апошнія адзначаюць і рост колькасці выпадкаў абразаў на адрас міліцыянтаў. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за абразу супрацоўнікаў паводле  ч. 1 арт. 24.4 КаАП прыцягнута больш за 400 грамадзян. Аднак вядома, што за згадкі ў каментарах, датычных палітыкі, дзейнасці дзяржаўных органаў ці супрацоўнікаў МУС грамадзян Беларусі караюць адразу паводле Крымінальнага кодэксу (арт.369).

Гэтаксама ў афіцыйных справаздачах міліцэйскае кіраўніцтва цвердзіць, што супрацоўнікамі падраздзяленняў уласнай бяспекі МУС рэгулярна праводзіцца маніторынг інфармацыі, у тым ліку ў Інтэрнэце, якая змяшчае звесткі аб праваахоўніках, з мэтай устанаўлення іх абгрунтаванасці абвінавачванняў у іхны бок. І што пры наяўнасці дастатковых падстаў праводзяцца службовыя разбіральніцтвы і пакаранні службоўцаў. Але ніякіх канкрэтных звестак аб колькасці падобных разбораў і іх выніках грамадскасці не паведамляецца.

Феліцыян Красоўскі