Цяпер галоўнае сьледчае ўпраўленьне праводзіць працэсуальныя дзеяньні па крымінальнай справе аб карупцыі ў дачыненьні да службовых асобаў ААТ «Нафтан». Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс-Захад са спасылкай на аддзел інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту. Падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў.
«У межах крымінальнай справы затрыманыя намесьнік генэральнага дырэктара і шэраг іншых службовых асобаў названага акцыянэрнага таварыства, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Ажыцьцяўляюцца сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на ўстанаўленьне ўсіх абставінаў ўчыненьня гэтых злачынстваў», — паінфармавалі ў Сьледчым камітэце.
Дзеяньні падазраваных кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 424 («Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У прыёмнай «Нафтану» Радыё Свабода спачатку сказалі, што крымінальная справа ня ўзбуджаная, а пасьля адмовіліся даваць камэнтары.
Крыніца: Радыё Свабода