1 снежня ў праваабаронцы і былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага адбыўся ператрус, у выніку якога супрацоўнікі следчых органаў забралі з кватэры электронныя прыстасаванні. Пасля ператрусу Жамчужнага адвезлі на допыт. Былы палітвязень кажа, што ў працэсе размовы следчыя згубілі да яго цікавасць, бо паказанні ён не даваў. Дапытвалі яго супрацоўнікі 3-га аддзелу ДФР па Віцебскай вобласці. Жамчужнага вызвалілі ў той жа дзень пасля абеду. 

У Віцебску ад самага ранку 1 снежня супрацоўнікі МУС прыходзілі з ператрусамі да віцебскіх актывістаў Міколы Качурца і Уладзіміра Кійко. Таксама не выходзіў на сувязь праваабаронца і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, у якога на 1 снежня быў прызначаны суд з нагоды зменаў патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

У пятніцу 26 лістапада ў Віцебску затрымалі актывіста, музыку і арганізатар культурніцкіх праектаў Уладзіміра Булаўскага. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). З якой прычыны яго затрымалі, невядома. Як паведамілі сябры затрыманага, у ізалятар удалося перадаць цёплыя рэчы, але харчы не прынялі.

19 лістапада ў Полацкім раёне быў затрыманы гаспадар памаляванай у бел-чырвона-белыя колеры хаты Анатоль Каханчык. У той жа дзень яго судзілі, прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) і пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведамілі праваабаронцы ПЦ «Вясна».

19 лістапада ў Віцебску каля «сіняга дому» быў затрыманы найстарэйшы прадстаўнік дэмакратычнага руху ў Віцебску Барыс Хамайда. Для прафілактычнай размовы яго даставілі ў Чыгуначны РАУС. На прадмет наяўнасці экстрэмісцкіх матэрыялаў міліцыянты вырашалі правераць усе 12 кніг, адабраных у Хамайды адмыслова для гэтай мэты.