Маці аднаго з асуджаных да смяротнага пакарання па справе “магілёўскіх рыэлтараў” Людміла Гершанкова распавяла праваабаронцам аб праблемах, з якімі сутыкнуўся яе сын Ігар пры падачы нагляднай скаргі на імя старшыні Вярхоўнага суда. Згодна з адпаведнай працэдурай, да скаргі павінна прыкладацца копія прысуду, якая выдаецца асуджанаму. Аднак Ігар Гершанкоў, не маючы ў следчым ізалятары паперы для запісаў, зрабіў на старонках копіі некалькі сваіх пазнак і паметак. На гэтай падставе скаргу вярнулі заяўніку без разгляду.
“Ігар напісаў заяву ў Магілёўскі абласны суд, у якой прасіў вырабіць яму паўторную копію. Бо ён там, у прысудзе, нешта падкрэсліваў, нешта пазначаў. І што яны адказалі? Прыслалі ліст, дзе напісана, што такая копія будзе каштаваць 551 рубель і 25 капеек, маўляў, адна старонка каштуе 0,1 базавай велічыні. А яшчэ трэба за падачу скаргі аплаціць 25 рублёў. Тады я сама звярнулася ў Магілёўскі суд, прасіла старшыню вызваліць ад аплаты гэтых грошай. Але пра гэта і слухаць не хацелі, паведамілі толькі, што можна аплаціць і мне самой, толькі каб чэк даслала сыну ў СІЗА”, – распавяла праваабаронцам маці Ігара Гершанкова.
Пасля гэтага жанчына самастойна вырабіла копію прысуду, аднак копія аказалася зацёмнай і яе таксама адмовіліся прымаць.
Нагадаем, што 20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення. Згодна з прысудам Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному пагражае растрэл.
Юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка лічыць падобны падыход да фігуранта рэзананснай справы, якога прысудзілі да смяротнага пакарання, негуманным і амаральным:
“Вось, уявіце: чалавеку пагражае растрэл. Зразумела, ён мае права выкарыстаць усе магчымыя даступныя сродкі, для таго каб абскардзіць прысуд і, магчыма, нейкім чынам захаваць жыццё. І калі з яго абласны суд патрабуе за выраб паўторнай копіі прысуду аплату ў памеры амаль 600 рублёў, гэта выглядае проста амаральна. Тым больш, у заяве ён прасіў вызваліць яго ад аплаты і дзяржаўнай мыты за падачу скаргі. А такая магчымасць прадугледжаная заканадаўствам".
Сапраўды, паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ суд мае права вызваліць асуджанага ад выплаты судовай мыты і іншых плацяжоў, зыходзячы з іх маёмаснага становішча.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, у сваю чаргу, адзначае праявы фармалізму ўвогуле ў справе “чорных рыэлтараў:
“Сітуацыя, якая склалася з падачай скаргі Гершанковым з’яўляецца адгалоскам разгляду скаргі фігурантаў справы ў апеляцыйнай інстанцыі, да якой Вярхоўны суд паставіўся даволі фармальна, не звяртаючы ўвагі на многія заявы і хадайніцтвы асуджаных і іншыя акалічнасці справы. З аднаго боку, закон прадугледжвае магчымасць спагнання сродкаў за падачу скаргі, альбо за выраб дадатковай копіі прысуду. А з іншага боку, у чалавека, можна і так сказаць, застаецца апошні шанец выратаваць жыццё, і тут фармалізму і абыякавасці не павінна быць. А ў выніку, чалавек з-за гэтага не зможа прайсці прадугледжаныя заканадаўствам этапы абскарджання прысуду.
Зараз сям’я Гершанковых вымушаная шукаць грошы, каб выкарыстаць апошнюю магчымасць абскардзіць прысуд сыну і захаваць яму жыццё.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання - растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.
Крыніца: Суд патрабуе больш за паўтысячы рублёў за падачу скаргі на смяротны прысуд