“Канапляная каляда” ў Мінску 25 снежня 2017 года. Фота: БелСАТ. “Канаплянае калядаванне”, зладжанае ў Мінску актывістамі ініцыятывы Legalize Belarus 25 снежня, для аднаго з ўдзельнікаў шэсця Пятра Маркелава звяршылася складаннем пратакола адміністратыўнага правапарушэння. 18 студзеня ў 9-30 суд Цэнтральнага раёна сталіцы пачне разгляд справы па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае цягам году парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

25 снежня актывісты ініцыятывы Legalize Belarus правялі «канапляную каляду» – шэсце за рэформу артыкулу 328 КК, які рэгулюе абарот псіхаактыўных рэчываў і ўводзіць крымінальную адказнасць. У акцыі бралі ўдзел больш за 15 чалавек, паведамляў у сацыяльных сетках адзін з арганізатараў шэсця Пётр Маркелаў. Юнакі прагульваліся па цэнтры горада, спявалі вясёлыя песні і неслі выявы канаплянага лісця.

"У кастрычніку мінулага года Legalize Belarus запусціла кампанію «Рэформа 328», у рамках якой правяла збор подпісаў пад калектыўным зваротам да ўладаў з патрабаваннем аб заканадаўчым рэфармаванні дадзенага артыкула КК. Зварот у Палату прадстаўнікоў і МУС падпісалі больш за 4 тысячы 600 чалавек, аднак дзяржорганы гэтую грамадскую ініцыятыву не падтрымалі", - паведамляюць naviny.by.

Крыніца: Пятра Маркелава судзяць за “канаплянае калядаванне”