Агляд свабоды асацыяцыяў у Беларусі ў 2016 годзе
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі выпусьцілі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2016 год.
У публікацыі адлюстраваныя найбольш важныя тэндэнцыі і падзеі, зьвязаныя з прававымі ўмовамі дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых формаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі цягам 2016 году, многія зь якіх знайшлі сваё адлюстраваньне і працягваюць разьвівацца ў 2017 годзе.
У дакумэнце аналізуецца разьвіцьцё заканадаўства ў сфэры некамэрцыйнага права ў мінулым годзе, акрэсьленыя асноўныя абмежаваньні, зь якімі сутыкаюцца некамэрцыйныя арганізацыі, прадстаўленыя статыстыка па рэгістрацыі новых арганізацыяў і агляд практыкі адмоваў у рэгістрацыі, адзначаюцца новыя элемэнты ў працэсе ўзаемадзеяньня паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю.
Аўтары агляду канстатуюць тэндэнцыю зьмяненьня матэрыяльнай асновы для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Абнаўленьне прававога рэгуляваньня замежнай дапамогі, якое адбылося ў 2016 годзе, не палепшыла ўмоваў атрыманьня і выкарыстаньня некамэрцыйнымі арганізацыямі замежнага фінансаваньня. Наадварот, практыка ўкараненьня новага парадку стварыла складанасьці і нязручнасьці для атрымальнікаў замежнай дапамогі празь непасьлядоўнасьць і неадназначнасьць у інтэрпрэтацыі і выкарыстаньні новых нормаў. Разам з тым, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці актыўна выкарыстоўваюць новыя мэханізмы прыцягненьня фінансаваньня: у краіне назіраецца разьвіцьцё краўдфандынгавых праектаў, разьвіваецца тэма сацыяльнага прадпрымальніцтва, празь зьняцьцё ранейшых абмежаваньняў для прыцягненьня ананімных ахвяраваньняў з унутраных крыніцаў няўрадавыя арганізацыі больш вольна выкарыстоўваюць гэты мэханізм збору сродкаў для фінансаваньня сваёй дзейнасьці.
У якасьці трывожнага сыгналу ў аглядзе фіксуецца выкарыстаньне артыкула 193 Крымінальнага кодэксу “Организация либо руководство общественным объединением, религиозной организацией, посягающими на личность, права и обязанности граждан” у якасьці падставы для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці мадэратараў суполак у сацыяльных сетках. Нягледзячы на тое, што ў зафіксаваным у 2016 годзе выпадку гэты крымінальны артыкул быў ужыты ў межах крымінальнай справы ў сукупнасьці зь іншымі складамі злачынства, сама трактоўка мадэрацыі сацыяльных сетак як праявы дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі выклікае вялікую занепакоенасьць. Такое нэгатыўнае тлумачэньне паняцьця дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі можа быць вельмі небясьпечным у сьвятле захаваньня ў Крымінальным кодэксе артыкула 193-1, паводле якога сама дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі ўтварае склад злачынства незалежна ад прыроды гэтай дзейнасьці і без нанесенай у яе выніку шкоды.
Сёлетні гадавы агляд зьяўляецца юбілейным, дзясятым выпускам гадавога маніторынгу – публікацыя падобнага кшталту гадавых аглядаў свабоды асацыяцыяў і прававога стану НДА ажыцьцяўляецца з 2007 году.
Спампаваць гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” цалкам на расейскай і ангельскай мовах.