Праваабарончы цэнтр «Вясна» удастоены прэміі The Albie Awards 2022, заснаванай Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў «Вясны» былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», – заявілі арганізатары.

Узнагароду таксама атрымалі:

  • суддзя Албі Сакс — за дасягненні ў галіне правасуддзя на працягу ўсяго жыцця;
  • Марыя Рэса — у намінацыі "Справядлівасць для журналістаў";
  • iAct — у намінацыі "Справядлівасць для тых, хто выжыў";
  • доктар Жазэфіна Кулеа — у намінацыі "Справядлівасць для жанчын".

Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.

Фонд «Клуні за справядлівасць» быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце.

Крыніца: «Вясна» атрымала прэмію The Albie Awards 2022 ад Фонду «Клуні за справядлівасць»