Яна Пінчук у судзе Санкт-Пецярбурга Днямі Cмольнінскі раённы суд Санкт-Пецярбурга разгледзеў пазоў да мясцовага дэпартамента паліцыі, які адмовіў беларусцы Яне Пінчук у прадастаўленні часовага прытулку ў Расіі. Дзяўчына прасіла прызнаць незаконным рашэнне ў адмове атрымання ёй такога статусу.

Як паведамляе "Віцебская Вясна", суд яе довады не падтрымаў. Неўзабаве расейскія ўлады экстрадуюць яе ў Беларусь.

Актывістка з Віцебску была затрымана 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх сілавікоў. А 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, якая потым была працягнутая. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» супраць яе былі выстаўлены абвінавачанні адразу па 5 крымінальных артыкулах, сярод якіх распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 3 арт.130), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 артыкула 361), паклёп (арт. 188) і іншыя.

Паводле інфармацыі аб'яднанай прэс-службы судоў Санкт-Пецярбургу, «Пінчук прасіла суд прызнаць незаконным і неабгрунтаваным рашэнне аб адмове ў прадастаўленні часовага прытулку на тэрыторыі РФ, абавязаць адказчыка даць прытулак, запатрабаваць у істца рашэнне».

За час знаходжання за кратамі Яна паспела выйсці замуж, як яна паведаміла «хоць і ў СІЗА але ўсё роўна па каханні».

«Вельмі рэдка сустрэнеш такога моцнага чалавека». Што адбываецца з палітзняволенай Янай Пінчук

Мікіта з Янай пазнаёміліся падчас пратэстаў у Беларусі, бо хлопец шукаў магчымасці дапамагчы беларусам, які пацярпелі ад рэпрэсій.

На думку расейскіх праваабаронцаў крымінальны пераслед актывісткі палітычна матываваны. І патрабавалі ад уладаў даць ёй прытулак.

Паводле следства, у тэлеграм-канале "Віцебск 97%", Яна Пінчук пад нікам “Прынцэса Лея” размяшчала паведамленні з «негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта публікавала «заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам» і «экстрэмісцкія матэрыялы». Пра якія канкрэтна матэрыялы ідзецца, невядома, адзначаюць адвакаты дзяўчыны.

Яна Пінчук не адмаўляе адміністравання каналу, але сцвярджае, што ў ім было яшчэ некалькі карыстальнікаў з нікнэймам “Прынцэса Лея”. Свой акаўнт пасля абвяшчэння ўладамі каналу экстрэмісцкім Пінчук, са словаў абаронцаў, выдаліла.

22 снежня 2021 года ПЦ «Мемарыял» прызнаў Пінчук палітычнай зняволенай.

Крыніца: Расійскія ўлады экстрадуюць Яну Пінчук у Беларусь, дзе яе чакае вялікі тэрмін зеяволення