Пракуратура Першамайскага раёна г. Мінска лічыць адмову раённага Следчага камітэта ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця юрыста ПЦ "Вясна" Аляксея Лойкі 25 сакавіка пры налёце міліцыі на офіс арганізацыі законнай і абгрунтаванай.
Пра гэта гаворыцца ў адказе пракурора Віктара Праневіча на скаргу праваабаронцы, у якой ён указваў на шэраг неадпаведнасцяў пры правядзенні праверкі Следчым камітэтам.
Аляксей Лойка пісаў у сваёй скарзе, што ў аснову рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы былі пакладзены паказанні супрацоўнікаў міліцыі, якія абвяргаюцца аб'ектыўнымі дадзенымі, а такім чынам, прынятае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з'яўляецца незаконным.
Так, пры правядзенні праверкі не быў апытаны сведка Алег Гулак, які бачыў, як супрацоўнік АМАП наносіў удар у вобласць хрыбетніка Аляксею Лойку; адсутнічаюць звесткі аб тым, чаму ў ходзе праверкі супрацоўнікі АМАП былі апытаныя па факце прычынення цялесных пашкоджанняў праваабаронцу толькі праз 5 месяцаў; паказанні міліцыянтаў пра тое, што Аляксей Лойка хапаў іх за форменнае абмундзіраванне і штурхаў у кірунку выхаду з кватэры, абвяргаюцца адсутнасцю факту прыцягнення яго да адказнасці за непадпарадкаванне альбо за супраціў супрацоўніку пры выкананні.
Больш за тое, выклікае абгрунтаваныя сумневы і той факт, што падчас затрымання праводзілася відэаздымка, здымалася абстаноўка ў кватэры, змест фотаздымкаў на сценах, запіс якой кіраўніцтва АМАП не прадаставіла па патрабаванні следчага Першамайскага РАСК А. Рабцава. Аднак, пры ўсём гэтым следчым пры правядзенні паўторнай праверкі для ліквідацыі ўсіх супярэчнасцяў і ўстанаўлення ісціны не была ўзбуджаная крымінальная справа, а таксама не была праведзена вочная стаўка паміж Аляксеем Лойкам і супрацоўнікамі АМАП, якія бралі ўдзел у яго затрыманні.
Таксама праваабаронца адзначыў, што на працягу кастрычніка 2017 году яму толькі часткова быў адкрыты доступ да азнаямлення з матэрыяламі праверкі, бо праз некалькі дзён пасля пачатку працэдуры, следчы, якому было даручана азнаёміць яго з матэрыяламі праверкі, адмовілася сустрэць яго з прапускнога пункта Першамайскага РАСК, каб правесці ў кабінет.
Акрамя таго, у момант азнаямлення з матэрыяламі праверкі Аляксей Лойка на месцы напісаў чатыры скаргі, якія былі пакінутыя ў скрыні для зваротаў грамадзян у памяшканні Першамайскага РАСК. Аднак, па гэты дзень ні на адзін з лістоў яму не паступіла адказу, адсутнічае і рэакцыя кіраўніцтва РАСК на парушэнне сваімі падначаленымі заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.
Пракуратура Першамайскага раёна г. Мінска ў сваю чаргу заплюшчыла вочы на ўсе довады Аляксея Лойкі і пакінула скаргу без задавальнення:
«Доказаў, якія сведчаць аб здзяйсненні ў дачыненні да Вас супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікамі АМАП у ходзе праведзенай праверкі, не здабыта.
Рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вынесена законна і абгрунтавана, падстаў для яго адмены няма. Парушэнняў патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры правядзенні РАСК праверкі не дапушчана».
Цяпер праваабаронца плануе звярнуцца ў вышэйстаячую інстанцыю - Пракуратуру г. Мінска.
Нагадаем, 25 сакавіка ў 12 гадзін у офісе, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ "Вясна", распачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты. Каля 13 гадзін у офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы, людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць, пачалі вобшук.
У выніку каля 60 чалавек было затрымана і дастаўлена ў Першамайскі РУУС, юрыст ПЦ “Вясна” Аляксей Лойка быў дастаўлены з РУУСа ў шпіталь, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас уварвання ў офіс.
Крыніца: Пракуратура палічыла збіццё Аляксея Лойкі АМАПам "законным і абгрунтаваным"