Уладзімір Прадкін. Гомельскі абласны суд працягвае 9 жніўня разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара Рэчыцы Уладзіміра Прадкіна, якога абвінавачваюць па арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). У справе ёсць яшчэ адзін артыкул – ч.1 арт. 342-1 (прапаганда самазабойства).

Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў.

Уладзіміра Прадкіна затрымалі супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗіКу 9 снежня 2021 года, калі ён выходзіў са свайго падворку, і зладзілі ў ягонай хаце ў прысутнасці панятых ператрус. У выніку – забралі тэлефон і ноўтбук. Затым змясцілі на тры дні ў ізалятар часовага ўтрымання і потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Аднак пазней 54-гадовы мужчына быў зноў затрыманы.

Па версіі следства, Уладзімір Прадкін размясціў на старонцы ў «ВК» фотаздымак сябе ў форме нямецкага афіцэра, які быў зроблены падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расеі, пад Масквой. Апроч гэтага, мужчыне паставілі ў віну размяшчэнне ў «ВК» кнігі з мемуарамі нацысцкага генерала і каментары ў «Аднакласніках», дзе мужчына хваліць Гітлера.

Уладзіміра Прадкіна змясцілі на тры дні ў ізалятар часовага ўтрымання, а потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Прадкін распавядаў журналістам, што каля 10 гадоў таму ён падпрацоўваў у Расеі на здымцы мастацкіх, гістарычных фільмаў і рабіў там фота сябе ў форме нацысцкага афіцэра. Наконт мемуараў нямецкага генерала, якія ён выклаў у сацсеткі, мужчына тлумачыць, што ён цікавіцца гісторыяй і яму было цікава, як нацысты ўчынялі свае злачынствы і чым апраўдваліся.

Судовы працэс распачаўся 27 ліпеня і магчыма сёння будзе вынесены прысуд.

Крыніца: Здымаўся ў фільме, апублікаваў фота ў форме нямецкага афіцэра: у Гомелі працягваецца суд над Уладзімірам Прадкіным