Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэта па Віцебскай вобласьці Павел Левінаў быў затрыманы ўвечары 5 траўня ў вёсцы Нярэйша Сеньненскага раёну, у доме брата Андрэя. Пра здарэньне паведамляе “Віцебская вясна”.
Як патлумачылі прадстаўнікі праваахоўных органаў, затрыманьне ўчыненае на загад вышэйшага начальства з мэтай зьмяшчэньня праваабаронцы ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласьці для адбыцьця адміністрацыйнага арышту.
Павел Левінаў патэлефанаваў калегам і паведаміў, што пры арышце да яго не ўжываліся спэцсродкі ці сілавыя прыёмы. Падчас затрыманьня ён не аказваў супраціву супрацоўнікам міліцыі. Стан пры гэтым у яго пагоршыўся, па ўсіх прыкметах падвысіўся ціск. Апроч таго, на 10 траўня лекары прызначылі Левінаву шпіталізацыю, а на наступны дзень павінна была быць праведзеная тэрміновая хірургічная апэрацыя.
Праваабаронцу даставілі ў г. п. Багушэўск для складаньня пратаколу затрыманьня, па прыбыцьці міліцыі зь Віцебску ён мусіў быць дастаўлены ў абласны цэнтар для адбыцьця пакараньня.
Як паведаміў Левінаў па тэлефоне, ён просіць міжнародную праваабарончую супольнасьць аказаць ціск на беларускія ўлады, а беларускіх праваабаронцаў - прызнаць яго палітычным вязьнем на тэрмін знаходжаньня ў ІЧУ.
Нагадаем, 17 красавіка судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская прызначыла Паўлу Левінаву пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 сутак нібыта за ўдзел у не дазволеных ўладамі масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна, бо Левінаў у той час знаходзіўся ў шпіталі за межамі Беларусі. Спроба абскардзіць рашэньне райсуду посьпеху не прынесла: надоечы Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле гэтае рашэньне.