Распавядаем пра тое, чаму кожнаму з нас важна дапамагаць арганізацыям грамадзянскай супольнасці, у тым ліку грашовымі ахвяраваннямі, як гэта зрабіць бяспечна і як падтрымаць "Вясну". Недзяржаўныя арганізацыі, некамерцыйныя арганізацыі, няўрадавыя арганізацыі, грамадскія арганізацыі, і шырэй — арганізацыі грамадзянскай супольнасці — усе гэтыя словы з'яўляюцца сінонімамі для паняцця "трэці сектар".
Што ж такое арганізацыі грамадзянскай супольнасці?
Грамадскія арганізацыі не ставяць сабе мэтай атрыманне прыбытку, у адрозненне ад бізнэсу. Яны ствараюцца людзьмі праз гарызантальныя сувязі — а не дзяржавай. Менавіта таму грамадскія арганізацыі ўтвараюць сабой адмысловую сферу — "трэці сектар".
"Мэты стварэння арганізацый грамадзянскай супольнасці могуць быць самыя розныя. Але іх асноўная задача — дзейнічаць дзеля грамадскага дабрабыту , сістэмных і пазітыўных зменаў грамадства", — пра гэта ў сваіх картках добра расказала OEEC, якая таксама з'яўляецца арганізацыяй грамадзянскай супольнасці.
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці могуць стварацца па розных кірунках: культурніцкім, экалагічным, дабрачынным. Сярод такіх грамадскіх арганізацый ёсць і праваабарончыя, у тым ліку і Праваабарончы цэнтр "Вясна".
У чым важнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці?
Дзяржава звычайна не ў стане даць рады ўсім запытам і праблемам сваіх грамадзян. А самі людзі на месцах могуць лепш бачыць і ведаць, што менавіта варта змяніць. Акрамя таго, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, з'яўляючыся незалежнымі, часта выступаюць важным крытыкам дзяржавы — асабліва недэмакратычных рэжымаў.
Прыклад: Савет па правах чалавека ААН праводзіць працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду (УПА), дзе дзяржавы-ўдзельніцы ААН дакладаюць пра дасягнутыя імі паляпшэнні ў галіне правоў чалавека ў сваёй краіне. У кастрычніку 2020 года ў межах УПА дарадца пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе Андрэй Таранда распавёў пра "прагрэс у галіне правоў чалавека". Але ва УПА бралі ўдзел і незалежныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ПЦ "Вясна". Праваабаронцы распавялі пра ўжыванне гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных акцыі і палітычных зняволеных.
Праваабаронцы агучылі першачарговыя рэкамендацыі беларускім уладам у межах працэдуры УПА
Акрамя таго, у недэмакратычных дзяржавах менавіта арганізацыі грамадзянскай супольнасці бяруць на сябе важную функцыю — абарону чалавека ад самой дзяржавы і аказанне дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій з боку дзяржавы. Гэтым і займаецца "Вясна" з 1996 года.
“Калі ў жніўні 2020-га тысячы людзей сутыкнуліся з катаваннямі з боку сілавікоў (як прадстаўнікоў дзяржавы) — то ўсе яны пайшлі ў "Вясну", — адзначае праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч.
Важная роля наяўнасці няўрадавых арганізацый падкрэсліваецца ў Дэкларацыі аб праваабаронцах (арт. 16), прынятай ААН яшчэ ў 1999 годзе:
“Асобы, няўрадавыя арганізацыі і адпаведныя ўстановы адыгрываюць важную ролю ў спрыянні больш глыбокаму разуменню грамадскасцю пытанняў, якія адносяцца да сферы правоў чалавека і асноўных свабод, праз такую дзейнасць, як адукацыя, прафесійная падрыхтоўка і даследаванні ў гэтых сферах у мэтах забеспячэння, у прыватнасці, глыбейшага разумення, цярплівасці, міру і сяброўскіх адносін паміж народамі і ўсімі расавымі і рэлігійнымі групамі, улічваючы розныя асаблівасці, характэрныя для супольнасцяў і калектываў, у якіх яны ажыццяўляюць сваю дзейнасць”.
Чаму патрэбны грошы?
У арганізацыях грамадзянскай супольнасці працуюць людзі — ім патрэбныя заробкі, часта трэба плаціць за арэнду офіса. Таксама грошы патрэбныя як на праграмную дзейнасць, гэтак і на дадатковыя выдаткі — напрыклад, аплату хостынгу для сайта.
*Часта НДА могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць дзякуючы грантам. Але грантавая сістэма мае свае асаблівасці — яна накіравана на мэтавыя праекты (напрыклад, інтэграцыя людзей з ментальнымі парушэннямі ў грамадскае жыццё), а працэс атрымання гранта можа заняць працяглы час (ад падачы заяўкі, удзелу ў конкурсе да рэалізацыі праекта і справаздачы можа прайсці цэлы год). Таму пры неабходнасці вырашыць вузкае ці нестандартнае пытанне ў рэжыме "тут і цяпер" грант не пасуе (напрыклад, з калоніі вызваліўся палітвязень — і наўпрост цяпер яму неабходна падтрымка). Не заўсёды фінансавыя сродкі з гранта прыходзяць своечасова. І наогул не ўсе ідэі падтрымліваюць донары.
Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Майна Кіаі ў межах свайго другога тэматычнага дакладу Савету па правах чалавека ААН падкрэсліў актуальнае значэнне доступу да фінансавых рэсурсаў для арганізацый грамадзянскай супольнасці:
"Мы не можам недаацэньваць тую цэнтральную ролю, якую рэсурсы наогул і фінансавыя рэсурсы ў прыватнасці адыгрываюць у здольнасці асацыяцый ажыццяўляць сваю дзейнасць і дасягаць сваіх мэтаў. Няважна, наколькі малазначнымі здаюцца мэты аб'яднання, напрыклад, шахматнага клуба, бо ім неабходны матэрыялы (шахматныя дошкі), а таксама фінансавыя сродкі, якія, хутчэй за ўсё, будуць накіраваны на набыванне гэтых матэрыялаў. Дакладна гэтак жа шматлікія іншыя неасноўныя віды дзейнасці, такія як транспарт і сувязь, патрабуюць выкарыстання фінансавання. Для адных відаў дзейнасці будзе патрэбна трошкі рэсурсаў, іншыя запатрабуюць больш істотнай падтрымкі. У гэтай сувязі важна адзначыць, што вызначэнне таго, дзе асацыяцыі будуць шукаць рэсурсы, павінна ажыццяўляцца арганізацыяй, а не ўрадам".
Як розныя дзяржавы дапамагаюць і перашкаджаюць арганізацыям шукаць грошы?
Далучыцца да мэтаў, якія ставіць грамадзянская супольнасць, можна не толькі праз непасрэдную дзейнасць — удзел у НДА, але і праз грашовыя ахвяраванні.
Часта дзяржавы гэтаму спрыяюць. Напрыклад, у некаторых краінах кожны падаткаплацельшчык можа перанакіраваць частку свайго абавязковага падатку грамадскім арганізацыям. У Літве гэтая сума складае 1,2%, а ў Польшчы — 1%. Акрамя таго, у гэтых краінах чалавек можа абраць, на падтрымку якой менавіта арганізацыі ён можа накіраваць адсотак свайго падатку, і нават абраць, на які менавіта праект у межах гэтай арганізацыі. А каб грамадскія арганізацыі маглі атрымліваць грошы ад выплачанага падатку, яны павінны быць зарэгістраваныя і занесеныя ў адмысловы рэестр.
У Беларусі ж за апошні год ліквідавана ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі 857 грамадскіх арганізацый. Вялікая частка з іх (519) была ліквідавана ўладамі прымусова (астатнія былі вымушаны прыняць рашэнне аб ліквідацыі) — пра гэта ў сваім маніторынгу па свабодзе асацыяцый казаў Lawtrend.
Акрамя таго, у Крымінальным кодэксе Беларусі існуе артыкул 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за "арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання … або ўдзел у іх". Дзейнасць некаторых арганізацый і аб'яднанняў была прызнана беларускімі ўладамі "экстрэмісцкай" (напрыклад, Фонд BYSOL) — а за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" таксама прадугледжана крымінальная адказнасць.
“У Беларусі дзяржава руйнуе грамадзянскую супольнасць, бачыць у ёй свайго ворага, — адзначае юрыст "Вясны" Павел Сапелка. — Бо грамадзянская супольнасць — гэта заўсёды канкурэнт дзяржаве. Але калі дзяржава мысліць цвяроза, то яна гэтым задаволена — і тады грамадзянская супольнасць выконвае тое, што недапрацавала дзяржава, кантралюе яе і падказвае найлепшыя практыкі. А таталітарныя дзяржавы не трываюць аніякай канкурэнцыі”.
Навошта нам дапамагаць арганізацыям грамадзянскай супольнасці?
Праваабаронца Наталля Сацункевіч адзначае, што для шматлікіх беларусаў актуальнае пытанне: "Як я магу дапамагчы ахвярам парушэння правоў чалавека?" А адказ на яго вельмі просты:
"Можна дапамагчы тым, хто дапамагае ахвярам парушэння правоў чалавека. А наша дзейнасць акурат накіравана на тое, каб ім дапамагаць".
Наталля Сацункевіч падкрэслівае, што данаты арганізацыям — гэта заўсёды ўзаемакарысны працэс:
"Чым больш незалежных крыніц, якія даюць праваабарончым арганізацыям грошы, тым лепш — а гэта гарантыя нашай непрадузятасці і незалежнасці. З іншага боку, данаты даюць чалавеку пачуццё датычнасці да агульнай справы. І гэта ледзь не адзінае, што кожны асобны чалавек можа зрабіць ананімна. Таксама памер і колькасць ахвяраванняў сігналізуе пэўнай арганізацыі, наколькі карысная і запатрабаваная яна для людзей".
Як дапамагчы грамадскім арганізацыям грашыма — і застацца ў бяспецы?
Адным са спосабаў збору сродкаў на дзейнасць НДА з'яўляецца платформа Patreon. Яна цалкам бяспечная — пра гэта "Вясне" ананімна распавёў спецыяліст па камп'ютарнай бяспецы:
“Пляцоўка Patreon не дазваляе банку, чыёй картай ажыццяўляецца плацёж, бачыць, на які менавіта акаўнт ці праект ідзе падтрымка. Усё, што бачыць банк, — гэта факт таго, што сума Х была перасланая сэрвісу Patreon. Але для банка няма магчымасці зразумець, ці быў гэта данат улюбёнаму геймеру ці — на дзейнасць беларускай арганізацыі грамадзянскай супольнасці".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" таксама запусціў збор сродкаў на Patreon. Наогул ёсць пяць узроўняў падтрымкі, дзякуючы якім арганізацыя можа працягваць абараняць правы чалавека і дапамагаць рэпрэсаваным:
Крыніца: Арганізацыі грамадзянскай супольнасці: навошта ім патрэбны грошы і чаму ім варта дапамагаць?