Станіслаў Кузміцкі. Мінскі гарадскі суд 15 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы 36-гадовага сталічнага прадпрымальніка Станіслава Кузьміцкага.

Судовы працэс вядзе суддзя Яўген Хаткевіч.

Станіслава Кузміцкага абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч.1 арт. 293 – масавыя беспарадкі;
  • ч.1 арт. 290-4 – стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;
  • ч.1 арт.361-1 – Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • ч.1 арт. 342 – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • ч.3 арт. 361 – Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • ч.3 арт. 130 – Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы.

Ён быў затрыманы напрыканцы снежня 2021 года і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска. Станіслава Кузміцкага КДБ Беларусі ўнес ў Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

 Па матэрыялах следства, Кузміцкі, “маючы перакручаныя каштоўнасці і ілжывае разуменне слова "патрыятызм", мэтанакіравана ўступіў у тэрарыстычную арганізацыю і ўзначаліў асобныя рэсурсы сеткі "...97". Ён адміністраваў больш за 30 чатаў, якія пад жорсткім кантролем і кіраваннем з-за мяжы напаўняў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Мужчына фармаваў склад экстрэмісцкіх супольнасцяў, размяркоўваў ролі і арганізоўваў удзел іх сябраў у акцыях пратэсту. Акрамя гэтага, ён прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў: маральна падтрымліваў іх у гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў экстрэмісцкага характару на фасады будынкаў”.

Апублікаваная інфармацыя па сваім змесце была накіраваная на распальванне варожасці па прыкмеце сацыяльнай і прафесійнай прыналежнасці. Яна ўтрымлівала заклікі да здзяйснення дзеянняў, якія накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, і іншыя прыкметы экстрэмізму.

Пры гэтым следствам дакладна даказана, што ён "асабіста шэсць разоў удзельнічаў у падобных супрацьпраўных дзеяннях. У выніку названыя супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага прывялі да цяжкіх наступстваў у выглядзе масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія мелі месца на тэрыторыі Беларусі, а таксама іншых злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў экстрэмісцкага характару."

Крыніца: Шэсць крымінальных артыкулаў прад'яўлена ў судзе мінскаму прадпрымальніку Станіславу Кузміцкаму