Марфа Рабкова. Фота з сацсетак 17 верасня — два гады як наша калега і сяброўка, праваабаронца "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая і кінутая за краты. А 6 верасня яе асудзілі да шакуючага тэрміна зняволення ў 15 гадоў.

Мы ўжо публікавалі некалькі матэрыялаў пра Марфу як праваабаронцу і валанцёрку. Сёння хочам падзяліцца гісторыямі з яе жыцця ад асобаў сям'і і блізкіх, каб паказаць Марфу як дачку, сястру, жонку і сяброўку.

Матуля Ганна Рыгораўна: "Я ганаруся сваёй дачкой, таму што Маша нікога не пакіне ў бядзе"

"Маша ў дзяцінстве была таварыскай дзяўчынкай, спартыўнай, і ў той жа час вельмі любіла кнігі. Яна рана навучылася чытаць, і яшчэ да школы мы запісалі яе ў бібліятэку. Там яна стала самай юнай чытачкай у горадзе. Са старэйшай сястрой яна ездзіла па кнігі, і вось аднойчы замест кніг Маша прывезла нам пакет кацянят, іх было 5 ці 6. Мы ўсе былі шакаваныя такім паваротам падзей, а Маша нам распавяла што здарылася. Аказалася, хтосьці склаў кацянят у пакет і выкінуў недалёка ад дарогі, а Маша з сястрой не змаглі прайсці міма і забралі гэты пакет дадому. Мы ўсёй сям'ёй прыводзілі кацянят у парадак, а потым прыстройвалі. Нам пашанцавала, усе кацяняты знайшлі сваіх гаспадароў.

Я ганаруся сваёй дачкой, таму што Маша заўсёды прыйдзе на дапамогу і нікога не пакіне ў бядзе".

У маці Марфы Рабковай сёння дзень народзінаў. Падтрымайце яе цёплымі словамі і пажаданнямі — напісаць можна ў нашыя сацсеткі (тэлеграм — @Spring96info), ці на віртуальнай дошцы.

Сястра Ала: "Можна сказаць, што Маша з дзяцінства была за святло"

"У Машы дзень нараджэння 6 студзеня, а ў мяне летам. У нас была сямейная традыцыя: на машын дзень нараджэння мы ездзілі ў цырк, а на мой у парк атракцыёнаў. У цырку, вядома, усё было як належыць: поп-корн, салодкая вата, фатаграфіі з жывёламі і цацкі, якія свецяцца. Я памятаю, мы паехалі ў цырк, і тады толькі з'явіліся неонавыя бранзалеты, якія свецяцца ў руху, яны былі залітаваныя ў пластыкавых трубках. І вось мы выпрасілі, каб нам купілі гэтыя бранзалеты, а гэта зіма, цямнее рана. Мы ехалі дадому з цырка, а бранзалеты лопнулі. Свяціліся і мы ў куртках, і татава машына нейкі час, так што можна сказаць — так, Маша з дзяцінства была за святло".

Сяброўка Кацярына: "Яна як магніт прыцягвала да сябе пухнатых, якім трэба была дапамога"

"Калі прыпамінаць гісторыі з Марфай, то атрымаецца, што ў большасці з іх героямі былі каты і коткі, ды і таксама сабачкі.

Па-першае, трэба сказаць, што Маша — свядомая актывістка двіжу “пакармі ката”: у машыным заплечніку заўседы былі пакецікі з кормам на выпадак сустрэчы з бязхатнімі пушысцікамі. Рэгулярна, негледзячы на загруз на працы і вучобе, Маша наведвала прытулак для катоў і сабак і аддана там валантэрыла.

Але цікава тое, што даволі часта з Марфай здараліся незапланаваныя сустрэчы з чатырохлапымі. Прычым, яны як быццам зналі, да каго ісці па дапамогу. Сапраўды, яна як магніт прыцягвала да сябе пухнатых небаракаў, якім трэба была дапамога. Памятаю выпадак, калі хворы брадзячы сабака прыйшоў да ганку магазіна (менавіта таго, у якім працавала Маша) ды лег там. Пытаннем некалькі гадзінаў для Машы было знайці для яго транспарт, лячэнне і прытулак.

А ў дзень свайго апошняго затрымання, Маша атрымала ад мяне на свой тэлефон паведамленне з пытаннем, як лепш лячыць вушкі маёй кацянятке, якія купіць каплі. Адказ я ад Машы, зразумела, не атрымала…"

Муж Вадзім: "Маша не баіцца цяжкасцяў і прыгод, і яна заўсёды ідзе наперад"

Увогуле гісторыя такая. Былі мы на Нарачы, узялі ровары і вырашылі ўздоўж берага возера трохі пракаціцца. Усё ішло сваёй чаргой, цёпла, сонечна, прыгожа, і вось гэта вось усё. У нейкі момант мы заехалі ў лес, а дарога скончылася. Можна было развярнуцца і паехаць па тым жа маршруце назад, альбо ехаць праз густы лес на трасу, а адтуль ужо да месца начоўкі.

Хто шукае лёгкіх шляхоў? Толькі не Маша! У лесе хутка пацямнела, а мы апынуліся ў самым гушчары, без найменшага паняцця, дзе знаходзімся і як выбірацца.

Прабіраліся ў змроку навобмацак, натыкаліся і на балоты, і на бярлогі, і на норы звярыныя, над верхавінамі дрэў лёталі вароны і гучна каркалі, мабыць прадчуваючы сытую вячэру намі.

Але Маша не здалася: глыбока за поўнач мы здолелі выйсці да трасы, а наперадзе было яшчэ каля 50 кіламетраў дарогі. Сціснуўшы зубы мы селі на свае ровары, якія літаральна насілі з сабой увесь гэты час, і пакруцілі педалі. Адчынілі дзверы дома мы ўжо на досвітку. Маша не баіцца цяжкасцяў і прыгод, і яна заўсёды ідзе наперад.

З роднымі і сяброўкай гаварыла Таццяна Ф.

Крыніца: "Маша не баіцца цяжкасцяў і прыгод, і яна заўсёды ідзе наперад". Марфа Рабкова вачыма родных і блізкіх