Праваабаронца і валанцёрка ПЦ “Вясна” Таццяна Ласіца была нечакана вызвалена з Гомельскай калоніі. Пра гэта стала вядома "Гомельскай Вясне" 24 верасня. За кратамі Ласіца прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў. Прычына яе вызвалення — памілаванне.
Сябра Рады ПЦ “Вясна” Аляксей Колчын пракаментаваў вызваленне Ласіцы:
"Мы вельмі радыя, што Таццяна выйшла на волю і больш не знаходзіцца ў месцы зняволення.
Але трэба ўспомніць, колькі часу Таццяна правяла ў зняволенні — яна была асуджана да двух з паловай гадоў калоніі і амаль што ўвесь тэрмін правяла ў няволі (з улікам таго, што дзень знаходжання ў СІЗА адпавядае 1,5 дням адбыцця пакарання ў калоніі — заўв). І адпусцілі яе літаральна за пару месяцаў да тэрміну вызвалення. І я не думаю, што ў гэтым выпадку варта казаць пра нейкую істотную змену стаўлення нашых уладаў да “Вясны”, праваабаронцаў і палітычных іншадумцаў".
Валанцёрку "Вясны" Таццяну Ласіцу затрымалі 21 студзеня 2021 года. Яе абвінавацілі па крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай. Трэцяга лістапада 2021 суддзя Салоўскі асудзіў Таццяну Ласіцу да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (на тым жа працэсе судзілі праваабаронцу Леаніда Судаленка, ён дагэтуль у зняволенні).У сярэдзіне лютага 2022 Таццяну этапавалі з СІЗА-3 у папраўчую калонію №4 у Гомелі, дзе яна працавала на швейнай вытворчасці.
За кратамі цяпер знаходзяцца 6 сябраў праваабарончага цэнтра “Вясна”: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка.
Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні