У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар 

Уладзіслаў Багамольнікаў

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Але 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

Як паведамляе @christianvision, 16 верасня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак. Агулам за кратамі святара будуць утрымліваць 44 дні. Таксама паведамляецца, што ён перахварэў у няволі на кавід. Нагадаем, для «палітычных» на Акрэсціна перадачы не прымаюць.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

ГУБАЗіК затрымаў фаната магілёўскага «Дняпра» з-за татуіроўкі з Каліноўскім

На «пакаяльным відэа» 40-гадовы Яўген Гануля паказвае свае татуіроўкі — кулак з БЧБ-стужкай і гербам «Пагоня», а таксама вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага.

Паведамляецца, што Яўгену прызначылі 15 сутак арышту.

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Кобрына 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 42-гадовага Аляксандра Крэмера. Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама распаўсюджваў інфармацыю з іх.

Сілавікі паведамляюць, што Аляксандру прызначылі 12 сутак арышту, але супраць яго можа быць распачата справа паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) — мужчына нібыта дасылаў у чат бот Nexta нейкі фотаздымак.

Папаўненне ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Сярод іх наступныя:

  • Telegram-чаты «Сухарево. Марши», «Чат Уручье 3», «Минск. Первомайский чат», «Уручье-Инфо (Уручье, Копище, Военный городок, Озерище, 9 км», «Новости Маяка Минска», «НСД | Невероятная Истина».
  • Суполкі ва «Укантакце» «Мы народ и мы хозяева страны», «Группа "Тунеядцев" и "Социальных Иждивенцев"».
  • Youtube-канал «VladimirovichLIVE».
  • Telegram-каналы «Сухарево_общий», «Vladimirovich LIVE», «ДаВолi!». 

Стала вядома, што Мэрыем Герасіменка знаходзіцца ў Жодзіне

Пацвердзілася інфармацыя, што спявачка — фігурантка крымінальнай справы, але пакуль невядома па якім артыкуле.

Учора ў Мінску былі затрыманыя мінімум чацвёра чалавек

Гэта Дзмітрый Саковіч, Данііл Марчанка, Вадзім Рудкоўскі і Сяргей Павел. Траіх апошніх затрымліваў ГУБАЗ і КДБ. Паводле папярэдняй інфармацыі, Дзмітрый Саковіч быў затрыманы за вокладку з «Пагоняй» на пашпарце.

Палітвязня Аляксандра Целяшмана ўтрымліваюць у ШІЗА паўтара месяца

Праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Аляксандра Целяшмана. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Цяпер ён утрымліваецца там з 16 жніўня. Сваякі не атрымліваюць ад яго аніякіх вестачак. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Брэсце 9-10 жніўня 2020 года паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

ГУБАЗіК затрымаў фаната мінскага «Дынама» 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 34-гадовага Антона Гамезы. Паводле іх, мужчына быў падпісаны «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у каментарах якіх абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Затрыманні футбольных фанатаў, чарговыя "суткі" святару: хроніка пераследу 27 верасня