Апошняе фота сям'і, калі Дзяніс быў на волі Палітзняволены Дзяніс Іваноў працуе ў галіне кіно. Ён акцёр, здымаўся ў серыяле "Вяртанне Мухтара", быў кастынг-дырэктарам стужкі. Яго асудзілі на два гады "хіміі" паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса, якія ён адбывае ў ПУАТ № 9, працуючы грузчыкам на "БелТІЗ".

Ужо падчас знаходжання ў ПУАТ Дзяніс ажаніўся, ягоная жонка Юлія распавяла, як гэта адбывалася:

«Мы распісаліся ў пятніцу, 13 траўня. Так выйшла выпадкова, але цяпер гэта наша ўлюбёная дата, і мы з нецярпеннем чакаем, калі зможам паўнавартасна адсвяткаваць яе і павянчацца. Асобная падзяка — начальніку ПУАТ, які вельмі аператыўна падпісаў заяву. Бо я прыехала з Мінска ў Віцебск, дзе трэба было падаць заяву без прысутнасці Дзяніса. Я выбрала самы далёкі ЗАГС, да якога трэба было ехаць 20 хвілінаў. Рэгістрацыя была прызначаная на 12-ю гадзіну дня, але, вядома ж, не было канваіра нас звазіць, таму давялося перанесці на пасля абеду.

У кабінет мы зайшлі ўдваіх, рэгістратарка з пышнымі грудзямі папрасіла канваіра не заходзіць. Распісаліся — і адразу назад ПУАТ. Па дарозе атрымалася заехаць па торцік і да цягніка пасядзець на лаўцы адсвяткаваць».

Пабрацца шлюбам з палітвязняволеным (-ай): як гэта магчыма?

“Вясна” даведалася алгарытм дзеянняў для тых, хто таксама хоча пабрацца шлюбам са зняволенымі, якія знаходзяцца ў СІЗА ці адбываюць пакаранне ў калоніі.

Юлія распавядае, што захапляецца характарам свайго мужа.

«Думаю, таму што ён — поўная супрацьлегласць майму, — усміхаецца яна. — У такім разе звычайна кажуць — дапаўняюць адно аднаго. Муж — работнік кіно, гэта ўжо кажа шмат пра што: ён камунікабельны, умее размаўляць з людзьмі рознага ўзроўню і характару. Разумее задачы, якія ставяць перад ім, і, канечне ж, іх выконвае».

У сям'і — двое дзяцей Юліі ад першага шлюбу і малодшы сын пары, Міша, якому 4,5 гады.

«Наша кіношная сям'я вельмі мэтанакіраваная, — кажа Юлія. — У плане дысцыпліны ў нас дома ўсё зразумела: здымкі кіно — гэта праца ў камандзе — адсюль і наша вялікая дружная сям'я. Мы ўсе выдатна ўзаемадзейнічаем адно з адным. Самае галоўнае для Дзяніса цяпер і заўсёды — гэта я і сын. Міша кожны дзень пытаецца, чаму тата з'ехаў на працу, і кажа, што яму ўжо час вярнуцца да нас. У нас ёсць вялікая мара — паляцець на мора ў самалёце ўсёй сям'ёй.

Мы кахаем адно аднаго настолькі, што, акрамя размоваў 24/7, нават у гэтых варунках я заўсёды да яго прыязджаю, да таго ж мы пішам лісты адно аднаму. Гэтае каханне — адно на мільён, калі дыханне адно на дваіх».

З дзяцінства, якое Дзяніс правёў у невялікім гарадку, мужчына захапляецца футболам. Гэта перадалося і сыну, таму цяпер яны разам гуляюць па відэасувязі: сын б'е па мячы, а тата ловіць. Усе гульні з бацькам ператвараюцца для Мішы ў сапраўднае свята. Акрамя гэтага, хлопчык навучыўся «абдымацца» і нават «бегаць» дыстанцыі з татам праз відэасувязь.

«Яшчэ Дзяніс любіць чытаць, — распавядае Юлія. — У ПУАТ яму давялося прачытаць кнігі, якія я прывозіла, — галоўным чынам, яны пра багатае мысленне і псіхалогію. Паводле адукацыі ён фінансіст, акрамя таго, захапляецца гісторыяй».

Жанчына расказала, што супрацоўнікі ў ПУАТ — «мілыя і адэкватныя людзі», якія не выказваюць ніякай агрэсіі. Нічога благога не можа яна сказаць і пра начальніка ўстановы. Палітвязень часта выязджае на мерапрыемствы — гэта лепшае баўленне часу, чым сядзець на месцы і кожную гадзіну хадзіць на пастраенне, упэўненая Юлія. Пакуль муж знаходзіцца ў ПУАТ, яна рыхтуе дакументальнае кіно паводле ягоных лістоў сям'і і кнігу казак, якія Дзяніс пісаў сыну. Калі хтосьці гатовы дапамагчы — кантакты Юліі ёсць у праваабарончым цэнтры. Акрамя гэтага, яна запусціла мерч з цацкамі, якія можна замовіць у Беларусі.

«Мы — людзі кіно, — усміхаецца яна. — Тут патрэбна вялікая вытрымка і ўстойлівасць у характары, таму соплі — не наш варыянт. Я не люблю сядзець без справы і чакаю мужа, каб нарэшце ўвасобіць у жыццё свае больш яркія ідэі. А пакуль Дзяніс у зняволенні, на вялікія экраны выйшлі дзве карціны, на якіх мы працавалі: «Лето 1941 года» і «Добро пожаловать в семью». У другім фільме ў тытрах насупраць прозвішча Дзяніса можна пабачыць у дужках «артыкул 368» — так стваральнікі стужкі выказалі падтрымку». 

dzianis_ivanou01.jpg
Любімы ліст Юліі ад мужа
dzianis_ivanou12.jpg
Паводле гэтага ліста будзе знятая серыя фільма

Падтрымаць Дзяніса лістамі салідарнасці і пасылкамі можна па адрасе:

ПУАТ № 9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39

Дзяніс Уладзіміравіч Іваноў

Крыніца: Жонка палітзняволенага Дзяніса Іванова: "Вяселле адсвяткавалі торцікам на лаўцы, пакуль чакалі цягнік у ПУАТ"