Следчы Камітэт 29 верасня пачаў "спецыяльную вытворчасць" у дачыненні да праваабаронцы "Вясны" Зміцера Салаўёва. Яму інкрымінуюць ч. 4 арт. 228 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную граніцу Еўразійскага эканамічнага саюза грашовых сродкаў у буйным памеры, учыненае арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 КК (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Праваабаронца пракаментаваў такія дзеяні сілавікоў:

salaueu_specvytvorchasc.png
Скрыншот з праўладнага тэлеграм канала, які публікуе спіс асобаў, у дачыненні да якіх распачата спецыяльная вытворчасць. Як адзначыў Зміцер Салаўёў, тут выкарыстана яго фота з пашпарту

"Варта было гэтага чакаць: што дадзены рэжым, які робіць фальшывыя і хлуслівыя крымінальныя справы, і надалей будзе іх рабіць супраць тых, хто змог пазбегнуць арышту, хто знаходзіцца па-за межамі дасягальнасці і працягвае сваю грамадскую дзейнасць.

Усе абвінавачанні — цалкам хлусня. Усе ведаюць, што праваабарончы цэнтр “Вясна” не займаецца ніякай кантрабандай, не фінансуе пратэсты, а дапамагае людзям бараніць свае правы.

Думаю, што далей яны зробяць пацешны суд — такое шапіто. Зразумела, што гэта будзе фэйкавае паседжанне, дзе яны будуць рабіць тое, што ім пажадаецца. У рэжыме “троек” 1937-га: вось, “вораг народа”, “замежны шпіён” і кшталту таго. Падобнае можна пачытаць у архівах па гісторыі Савецкага саюза".

Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org
Зміцер Салаўёў. Фота: spring96.org

Зміцер Салаўёў мяркуе, што яго прыватны дом канфіскуюць.

"Відавочна, у іх накірунак — адабраць маёмасць людзей, якія за мяжой. Гэта неаднаразова агучвалася службовымі асобамі (як яны сябе называюць — бо я не лічу, што там увогуле хтосьці ёсць легітымны з улады і з карных ворганаў). З прапагандысцкіх каналаў было агучана шмат разоў: адабраць маёмасць у тых, хто з'ехаў".

Свой дом Зміцер Салаўёў сам спраектаваў і збудаваў (праваабаронца па адукацыі з’яўляецца інжынерам-будаўніком). На дадзены момант яго дом знаходзіцца пад арыштам:

"Дом апячатаны, у ім выламаны замок, і устаўлены замок Следчага камітэту", — кажа Зміцер Салаўёў.

16 лютага 2021 года у дом да праваабаронцы сілавікі прыходзілі з вобшукам, пасля чаго Змітра затрымалі і асудзілі на 12 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стаў сам дом Салаўёва — на ім быў убудаваны герб Віцебскай вобласці (адкуль праваабаронца родам), але суд палічыў гэта дэманстрацыяй герба “Пагоня” (несанкцыянаваным пікетаваннем). Але пасля адбыцця арышту, першага сакавіка Салаўёва ізноў затрымалі  — ужо у межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Пасля допыту Змітра адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Але ён пакінуў Беларусь.

Крыніца: "Падобнае можна пачытаць у архівах па гісторыі Савецкага саюза". Правабаронца Зміцер Салаўёў — пра сваю "спецвытворчасць"