У гродзенскай турме з 18 траўня ідзе суд над дванаццаццю фігурантамі "справы Аўтуховіча". Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну. Падчас дачы паказанняў некаторыя заявілі пра катаванні і збіванне пасля затрымання, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрымання, у якіх іх утрымліваюць да гэтага часу. Некаторых неаднаразова каралі "суткамі" ў карцары. А Гундар і Аўтуховіч трымалі галадоўку па некалькі тыдняў. Судовы працэс, які доўжыўся больш за чатыры месяцы, з 19 верасня зрабілі закрытым праз тое, што суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том. Праваабаронцам стала вядома, што судовае следтсва па справе скончанае, а прысуд агучаць 17 кастрычніка. У будынку гродзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі «справы Аўтуховіча»: Мікалаем Аўтуховічам, святарам Сяргеем Рэзановічам, ягонай жонкай Любоўю Рэзановіч, іх сынам Паўлам Рэзановічам, пенсіянеркай Галінай Дзербыш, баранавіцкім актывістам Уладзімірам Гундарам, актывісткай Вольгай Маёравай, пенсіянеркай Ірынай Мельхер і яе сынам Антонам Мельхерам, а таксама Ірынай Гарачкінай, Віктарам Снегуром і Паўлам Савам. Усіх фігурантаў, у залежнасці ад ролі, абвінавачваюць па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымліваюць намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.
Ад пачатку суда ўсе пасяджэнні былі адкрытыя, аднак 19 верасня суддзя Філатаў пастанавіў зрабіць суд закрытым. Па словах сваякоў фігурантаў, у гэты дзень суд пачаў вывучаць "сакрэтны" том № 47 у закрытым рэжыме, але працэс пасля так і не адкрылі.
Па інфармацыі праваабаронцаў, судовае следства скончылася, а прысуд фігурантам справы агучаць у гродзенскай турме 17 кастрычніка.
Крыніца: "Справа Аўтуховіча": спрэчкі бакоў скончыліся, прысуд будзе агучаны ў сярэдзіне кастрычніка