3 кастрычніка 2022 ў Кобрынскім судзе вынеслі прысуд паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржсімвалаў) палітзняволенаму Кірылу Давідзюку за сарваны дзяржаўны сцяг, што вісеў на ўваходзе ў краму. Кірыл Давідзюк

Як паведамляе Брэсцкая Вясна, хлопца затрымалі 29 ліпеня 2022 ў Кобрыне. Ён заходзіў у краму і галавою закрануў дзяржаўны сцяг, які вісеў на ўваходзе. Кірыл яго сарваў і кінуў на зямлю. Яго дзеянні зафіксавала камера відэаназірання крамы.

Пасля затрымання Кірыла змясцілі ў Баранавіцкае СІЗА № 6. Судовае паседжанне мела выяздны фармат на тэрыторыі Кобрынскага РАУСа і цягнулася адзін дзень. Пракурор запрасіў пакаранне тэрмінам 1 год і 6 месяцаў калоніі. Паводле папярэдней судзімасці Кірыл меў неадбыты тэрмін паўтары гады “хатняй хіміі”. Шляхам складання тэрмінаў дзяржабвінаваўца запрасіў пакаранне 2 гады калоніі.

Кобрынскі суд прызнаў Кірыла Давідзюка вінаватым паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржсімвалаў) і прызначыў яму пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адрас для лістоў Кірылу Давідзюку: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В

Крыніца: 23-гадовага палітвязня з Кобрына асудзілі на 2 гады калоніі за сарваны сцяг