У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі 20 супрацоўнікаў «Белагра»
Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС. Нагадаем, затрыманні ў кампаніі прайшлі 29 верасня.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (іх прозвішчы не называюцца) распачатыя крымінальныя справы «звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням».
Праваабаронцам «Вясны» вядома, што над некаторымі адбыліся суды па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Адміністрацыйныя справы супраць іх разглядалі ў судах Маскоўскага і Заводскага раёнаў. Некаторыя затрыманыя выйшлі пасля суда са штрафам.
Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва Сяргея Шыдлоўскага
Паводле іх, мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.
Інфармацыя дапаўняецца