У Гродзенскім абласным судзе завяршыўся разгляд крымінальнай справы 51-гадовага жыхара Мінска Валерыя Барзенкі. Яго абвінавацілі за перадачу “дэструктыўным каналам” інфармацыі пра свайго кіраўніка (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама за “захоўванне боепрыпасаў” (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вёў суддзя Віктар Сянько.
Валерыя Бразенку прызналі вінаватым у тым, што ён накіраваў у тэлеграм-боты "дэструктыўных каналаў" інфармацыю пра свайго былога кіраўніка, што было расцэненае судом як распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Згодна з абвінавачаннем, размяшчэнне інфармацыі, атрыманай ад Барзенкі, пацягнула за сабой “іншыя цяжкія наступствы”.
Таксама Барзенку суд прызнаў вінаватым у тым, што ён набыў і захоўваў боепрыпасы да нарэзнай агнестрэльнай зброі.
Па сукупнасці пакаранняў 12 верасня суд канчаткова прызначыў мінчуку сем год пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.