У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі дасведчанага трансплантолага, які рабіў аперацыі па перасадцы касцявога мозгу
5 кастрычніка ў Бараўлянах на працоўным месцы затрымалі знанага трансплантолага Аляксея Віктаравіча Аляксейчыка. Пра гэта паведамляюць калегі доктара. Аляксея Аляксейчыка вывелі ў кайданках з РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі на вачах калег, маленькіх пацыентаў і іх бацькоў. Афіцыйнай прычыны затрымання не паведамлялася. Як кажуць калегі Аляксейчыка, увесну 2022 года спецслужбы атрымалі доступ да ўнутранага чату медпрацаўнікоў РНПЦ. У ім адкрыта вялося абмеркаванне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, працы незалежнага прафсаюза «Панацэя» і г.д. Магчыма, затрыманне Аляксейчыка звязана з гэтым чатам.
РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Беларусі — перадавая ўстанова. У іншых рэгіёнах краіны няма ні спецыялістаў неабходнага ўзроўню падрыхтоўкі, ні абсталявання. Часам сюды трапляюць дзеці ў крытычным стане з-за таго, што мясцовыя медыкі бываюць няздольныя паставіць дыягназ. Затрыманы доктар Аляксейчык лічыцца адным з самых дасведчаных і прафесійных трансплантолагаў цэнтра. Ён мае стаж больш за 20 год, праводзіў аперацыі па перасадцы касцявога мозгу.
Улады закрылі школу пры каталіцкім Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску
Пра закрыццё адукацыйнай арганізацыі, якая фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай школы ці садка, паведаміў прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касцёлу айцец Юры Санько.
Хрысціянскі сацыяльны цэнтр — рэлігійная арганізацыя, якая падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў Беларусі. У ім ёсць капліца, жылыя пакоі для ксяндзоў, а таксама прыватная каталіцкая школа.
Таксама стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову неадкладнага карыстання Чырвоным Касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». Адпаведнае апавяшчэнне ўжо атрымалі касцельныя ўлады. Ад парафіі патрабуюць забраць маёмасць з храму на працягу некалькіх дзён.
Заблакаваны сайт «metodist.wоrk»
Гэта адбылося па пастанове пракурора горада Мінска.
На сайце паведамляецца, што ён «збірае веды аб барацьбе з дыктатурай».
Viber-суполка «ХОРОШИЕ НОВОСТИ ДЛЯ ГАНЦЕВИЧЕЙ» прызнаная «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне 3 кастрычніка прыняў суд Ганцавіцкага раёну.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх» трапілі Telegram-каналы «ЛЕЛЬЧИЦЫ И РАЙОН» і «КПД. Коалиция Протестных Дворов».
У Глыбокім учора быў затрыманы актывіст Вадзім Хлус
А сёмай раніцы да яго прыехалі сілавікі, дома быў праведзены ператрус.
Вадзім Хлус шмат год быў апазіцыйным актывістам, назіральнікам на выбарах. У 2020 годзе двойчы сядзеў на сутках. У 2022 годзе да яго неаднаразова прыходзілі з міліцыі і пракуратуры, пісьмова папярэджвалі пра адказнасць за апазіцыйную актыўнасць.
Таксама вядома пра візіт сілавікоў да яшчэ аднаго глыбачаніна, які раней прыцягваўся за палітыку — але яго не затрымлівалі.
Палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута дадалі ў «тэрарыстычны спіс»
Акрамя яго, у «спіс, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», дадзеныя яшчэ чатыры чалавекі.
Гэта 37-гадовы Курыльчык Вячаслаў (абвінавачваецца паводле арт. 361 КК), 38-гадовы Смаляроў Дзмітрый (асуджаны паводле арт. 130 КК), 38-гадовы Беляновіч Максім (абвінавачваецца паводле арт. 130 КК) і 35-гадовы палітвязень Анатоль Яскевіч (асуджаны паводле арт. 130 КК).