У Гродзенскім абласным судзе 4 кастрычніка вынесены прысуд Юрыю Станеўскаму, якога КДБ ўнес у спісы асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Судовы працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.
Станеўскага абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 370 – здзек над дзяржаўнымі сімваламі;
- ч. 2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі;
- арт. 369 – знявага прадстаўніка ўлады;
- ч. 1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
- ч. 1 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.
38-гадовага Юрыя Станеўскага затрымалі напрыканцы снежня 2021 года і даставілі ў Мінск, у СІЗА КДБ. Потым перавялі ў турму № 1 Гродна.
Згодна з матэрыяламі справы Юрый Станеўскі з 15 ліпеня да 27 снежня 2021 года пад публікацыямі ў дэструктыўным Telegram-чаце размяшчаў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці ў дачыненні да вылучаных ім у паведамленнях сацыяльных груп, у тым ліку асоб іншай нацыянальнасці і іншага веравызнання.
Там жа ўтрымліваліся абразы ў адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых прадстаўнікоў улады і іх блізкіх, а таксама гучалі пагрозы ў дачыненні да службовых асоб, якія выконваюць свае службовыя абавязкі, уключаючы кіраўніка дзяржавы, і іх блізкіх.
У публікацыях былі паведамленні, звязаныя з здзекам над дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь і дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.
Судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага аблсуда па сукупнасці злачынстваў прызначыла Станеўскаму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін сем гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1, 6 тыс. рублёў).
Крыніца: У Гародні вынесены суровы прысуд: сем год калоніі Юрыю Станеўскаму.