Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.

Алесь Бяляцкі — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру

7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт абвясціў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міра. Яе атрымалі старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, украінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе праваабаронца "Вясны" вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра шосты раз. Спадар Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

Алесь Бяляцкі даведаўся аб атрыманні Нобелеўскай прэміі міру. Вестачка пра гэта дайшла да яго ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён знаходзіцца амаль 15 месяцаў.

Віншаванні Алесю Бяляцкаму і каментары з нагоды атрымання ім выбітнай узнагароды працягваюць прыходзіць з усіх кропак свету.

"Такі чалавек не можа быць у турме": як грамадзянская супольнасць рэагуе на атрыманне Алесем Бяляцкім Нобелеўскай прэміі міру

"Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія". На падзею актыўна адрэагавала беларуская і міжнародная супольнасць.

Тым не менш, 25 верасня свой юбілейны 60-ы дзень народзінаў Алесь Бяляцкі сустракаў за кратамі СІЗА-1 у Мінску.

Жыхары мінскай Чыжоўкі павіншавалі Алеся Бяляцкага з юбілеем. 

"Мы жадаем спадару Алесю хутчэй апынуцца на волі, побач з роднымі і сябрамі, і ўбачыць вольнай нашу Беларусь. Няхая яна стане краінай, дзе суды працуюць паводле закону, дзе ў турмах няма катаванняў, дзе міліцыя ахоўвае парадак, дзе прафесія праваабаронцы не патрабуе рызыкі і гераізму. Так і будзе, а пакуль кожны дзень беларускія праваабаронцы набліжаюць гэты момант. З Днём Народзінаў , спадар Алесь, і дзякуй вам", — напісалі яны.

Калегі і еўрапейскія палітыкі павіншавалі Алеся Бяляцкага з юбілеем

Алесю Бяляцкаму 25 верасня споўнілася 60 гадоў. Салідарнасць з Алесем праявілі вядомыя палітыкі і калегі-праваабаронцы.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

Прэмію The Albie Awards 2022 уручылі "Вясне"

29 верасня ў Нью-Ёрку Праваабарончаму цэнтру "Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам "Клуні за справядлівасць", у намінацыі "Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі".

stefanovich_alina6.jpg
Аліна Стэфановіч падчас уручэння прэміі The Albie Awards 2022

"Правы чалавека ўніверсальныя, неад'емныя і належаць нам ад нараджэння, бо мы проста людзі, і не залежаць ад волі асобных аўтакратаў, яны не могуць адабраць іх у нас.

У гэтай складанай сітуацыі беларускія праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць, працягваюць, нягледзячы на спробы маргіналізацыі, выпіхвання ў нелегальнае поле і за мяжу. Працягвае сваю дзейнасць і ПЦ "Вясна".

Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у гэтай дзейнасці, падтрымлівае тых вясноўцаў, якія былі кінутыя за краты за ажыццяўленне сваёй мірнай легітымнай праваабарончай дзейнасці, тых, хто заплаціў вялікі кошт за гэтую дзейнасць, кошт асабістай свабоды",  працытавала словы Валянціна Стэфановіча яго жонка Аліна, якая атрымоўвала прэмію. 

"Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у дзейнасці". "Вясне" уручылі прэмію The Albie Awards 2022

Прэмію прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. Яна зачытала ліст ад мужа, які ён напісаў для цэрымоніі.

 Падчас узнагароджання быў прадэманстраваны спецыяльна падтрыхтаваны відэаролік. 

Павіншуйце Валянціна Стэфановіча з юбілеем!

14 кастрычніка намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека споўніцца 50 гадоў.

Гэта другі дзень народзінаў, які праваабаронца будзе сустракаць не ў коле сям'і, сяброў і аднадумцаў, а за кратамі.

Павіншуйце яго з юбілеем паштоўкай, бандэролькай ці грашовым пераводам! 

Адрас:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні

Стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спыненая. Але ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за нясплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Іх працягваюць утрымліваць за кратамі.

Заява "Вясны" ў сувязі з пачаткам "спецыяльнай вытворчасці" і ўзмацненнем абвінавачванняў у дачыненні да калег

Мы заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу нашых калег-праваабаронцаў з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі барацьба за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, супраць катаванняў і забароненага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.

Валянцін Стэфановіч даслаў на волю ліст, у якім падзяліўся сваім стаўленнем да высунутых абвінавачванняў паводле арт. 228 Крымінальнага кодэкса ("Кантрабанда"):

"Я закладнік, я палонны, і ўсё будзе вырашацца зусім па-іншаму. Таму мне не важна, што яны там мне ставяць у віну і малююць у гэтай справе. Вінавацяць мяне ў тым, што я дапамагаў людзям.

Ну хай пасадзяць мяне за гэта, за такое сядзець ганарова, мне — праваабаронцу. Я ганаруся гэтым! Гэта для іх я кантрабандыст, а для людзей я той, хто дапамагаў ім усе гэтыя гады. Так, гэта я!Я той, хто быў на сваім месцы, быў да канца".

Апошнім часам няма навінаў ад праваабаронцы "Вясны" Уладзіміра Лабковіча. 

Дасылайце лісты падтрымкі Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Леанід Судаленка сустрэў свой Дзень народзінаў за кратамі

Кіраўнік Гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка сустрэў свой 56-ы дзень народзінаў за кратамі папраўчай калоніі № 3. 

"Ён сядзіць, справа яго жыве, а імя яго гучыць". Праваабаронцу "Вясны" Леаніду Судаленка споўнілася 56 гадоў

23 верасня палітвязняволенаму праваабаронцу "Вясны" з Гомеля Леаніду Судаленку споўнілася 56 гадоў. Свой Дзень нараджэння ён сустракае ў папраўчай калоніі №3 у Віцебскай вобласці. З Віцебска родам і блізкі сябар Леаніда — Павел Левінаў, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Дэпутат Бундэстага Канстанцін фон Нотц павіншаваў Леаніда Судаленку з Днём Народзінаў

Канстанцін з'яўляецца сімвалічным «хросным» Леаніда ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, якую ладзіць швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco.

Падтрымайце Леаніда лістамі і паштоўкамі:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таццяна Ласіца — на волі!

Палітзняволеная валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца была нечакана вызвалена з Гомельскай калоніі 24 верасня. За кратамі яна прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў.

"Амаль увесь тэрмін правяла ў няволі". Праваабаронца "Вясны" пракаментаваў вызваленне Таццяны Ласіцы

Валанцёрку "Вясны" Таццяну Ласіцу затрымалі 21 студзеня 2021 года. Яе абвінавацілі па крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Таксама стала вядома, што Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу ўключылі ў "спіс экстрэмістаў".

Нагадаем, Леанід і Таццяна былі затрыманыя ў студзені 2021 года. У лістападзе мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Таццяну — да 2,5 гадоў.

Падтрымайце Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка!

За кратамі ў СІЗА-1 ужо больш за два гады працягваюць утрымліваць каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка, асуджаных на 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Цяпер палітвязні прыкладана 3-4 месяцы будуць чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. У гэты час кожны і кожная можа падтрымаць іх грашовымі пераводамі, а таксама пасылкамі з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі, або праз збор на сайте BySol.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне РабковайАндрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Крыніца: #FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны" Відэа