У Луніненцкім раённым судзе 7 кастрычніка вынесены не зусім звычайны прысуд 60-гадоваму Сяргею Глівенку, абвінавачанаму ў абразе загінулых у Баранавічах лётчыкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Святлана Братанава, дзяржаўны абвінаваўца – памочнік пракурора Ганна Пенер.
Судовы працэс пачаўся з устанаўлення асобы, падчас якога на пытанне суддзі “Грамадзянінам якой краіны з’яўляецеся?”, абвінавачаны адказаў:
- Пакуль яшчэ Беларусі.
Глівенка быў затрыманы раніцай 4 траўня 2022 года ў Лунінцы і змешчаны пад варту.
Перад пачаткам суда Глівенка выступіў з заявай, што ніякіх паказанняў даваць не будзе.
"Я знаходзіўся па-за межамі Беларусі, у Маскве, і таму беларускае заканадаўства не парушаў. Сваёй віны не прызнаю. Мая віна нічым не даказаная, паколькі пад фотаздымам занінуўшых у Баранавічах лётчыкаў, было напісана “Царства ім Нябеснае!”, заявіў ён суду.
Таксама адмовіўся ад паслуг адваката.
Нагадаем, што згодна з матэрыяламі справы, Сяргей Глівенка, знаходзячыся нібыта ў нецвярозым стане у перыяд часу з 21 траўня па 16 чэрвеня 2021 года, з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, дзе ён на той час знаходзіўся, у сацыяльнай сетцы Facebook у групе “АТН: Навіны Беларусі і свету” пад відэазапісам сюжэту “У Беларусі развіталіся з лётчыкамі-героямі Андрэем Нічыпорчыкам і Мікітам Куканенкам. Панарама" размясціў паведамленні цынічнага характару.
Далей у судзе Глівенка заявіў наступнае хадайніцтва аб тым, каб яму выдалі ў ізалятар матрац, паколькі нядаўна перанёс некалькі аперацый і яму нельга спаць на голых дошках. Хадайніцтва судом не задаволенае.
Суд прызнаў Сяргея Глівенку вінаватым і вынес наступнае пакаранне: арышт тэрмінам на 3 месяцы.
Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Засталося пытанне ў адным: што рабіць з тэрмінам змяшчэння пад варту, які пенсіянер пераседзеў амаль два месяцы?