У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-11 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінчук затрыманы за ўдзел у пратэстах 2020 года
За ўдзел у пратэстах у Мінску затрыманы Аляксей Мікульчык — яго затрымлівалі пры разгоне намётавага гарадка яшчэ ў 2006 годзе
Аляксею цяпер 37 гадоў. Ён быў актывістам некалькіх ініцыятываў у «нулявых». Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га мужчыну затрымлівалі пры разгоне намётавага гарадка. Затрымалі тады больш за 500 чалавек.
У той жа групе затрыманых быў і Максім Знак. Мікульчыка разам са Знакам адвезлі з Мінска ў Жодзіна (тады такая практыка ўжо існавала). Яны атрымалі па 13 сутак арышту.
Пасля выбараў-2020 мужчына таксама сядзеў на сутках у Жодзіне.
У Гомелі затрымалі зняволенага?
Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, пахваліўся тым, што затрымаў і так ужо зняволенага мужчыну – Місюковіча Уладзіміра, які адбывае пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу.
Хутчэй за ўсё мужчыну зноў будуць судзіць. Гэтым разам за "распаўсюд фашысцкай сімволікі", бо на так званым "пакаянным" відэа Уладзімір кажа, што мае татуіроўку са свастыкай на плячы. Праўда, каму і дзе ён яе дэманстраваў – неясна.
Следчы камітэт перадаў пракурору справу супраць меркаваных адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі"
Як паведамляе ведамства, галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Яніны Сазановіч, Дзмітрыя Навошы, Данілы Багдановіча, Вольгі Высоцкай, Валерыі Занімонскай — меркаваных адміністратараў экстрэмісцкага фармавання «Чорная кніга Беларусі».
Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
СК Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага
Галоўная следчая ўправа Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў паляка Каліноўскага за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Як піша СК, "група беларусаў, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы, натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і вынікаючы шаблонам шавінісцкай ідэалогіі ўзброеных груповак суседняй краіны, скаапераваліся і стварылі так званы полк імя Кастуся Каліноўскага".
Чарговае папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
Сярод новых, па версіі МУС Беларусі, матэрыялаў, прызнаных "экстрэмісцкімі":
Telegram-стыкеры "metodist.me";Telegram-каналы "Методист|Формы беларуского протеста", "ВГМУ - общий чат", "Инфо_Удар".
Інфармацыя дапаўняецца.