У Магілёўскім абласным судзе 3 кастрычніка вынеслі прысуд 33-гадоваму Дзмітрыю Шабетніку — сыну грамадскага актывіста з Рэчыцы Алега Шабетніка, які кіраваў гомельскай абласной філіяй грамадскай арганізацыі "Гавары праўду". Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне нацыянальнай варажнечы) за тое, што ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" даваў спасылкі на навіны пра расейскую вайсковую агрэсію супраць Украіны, піша MAYDAY TEAM. Суддзя Мікалай Гладкі прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як сцвярджаў сам Шабетнік, 25 лютага, паддаўшыся эмоцыям, ён зрабіў рэпосты і пакінуў некалькі каментароў на сваёй старонцы, але пры гэтым не хацеў "распальваць варожасць або абразіць каго-небудзь". На допыце ён паказаў, што не меў на ўвазе ўсіх расейцаў, а толькі выказаў сваё стаўленне да асобаў, датычных да вайны, і тых, хто яе ўхваляе. Сваю віну ён прызнаў і раскаяўся.

Алег Шабетнік. Фота з сацсетак
Алег Шабетнік. Фота з сацсетак

Лінгвістычная экспертыза пацвердзіла абразлівы характар каментароў на адрас расейскіх войскаў, вайскоўцаў і паліцыянтаў. Адвакат Шабетніка звярнуў увагу на тое, што вынікі лінгвістычнай экспертызы праводзіў не лінгвіст, а філолаг.

Вядома, што затрымалі Дзмітрыя яшчэ 9 чэрвеня, прычым брутальна, з ужываннем фізічнай сілы. Сам Шабетнік падчас пасяджэння сцвярджаў, што з першага дня супрацоўнічаў са следствам, віну прызнае і гатовы панесці пакаранне.

Дзяржабвінаваўца, палічыўшы змякчальнай акалічнасцю наяўнасць у Шабетніка на ўтрыманні малога дзіцяці, запатрабаваў у якасці пакарання 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя ж Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі пакараў мужчыну двума з паловай гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымаць Алега: СТ-8, Жодзіна, вул. Савецкая 22А, 222163, Дзмітрый Алегавіч Шабетнік

Крыніца: Сына рэчыцкага актывіста асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за рэпосты навінаў пра расейскую агрэсію