14 кастрычніка палітзняволенаму праваабаронцу “Вясны” Валянціну Стэфановічу спаўняецца 50 гадоў. З нагоды юбілея ён мог бы распавесці пра цікавосткі са сваёй больш за 20-гадовай праваабарончай дзейнасці, падзяліцца нюансамі выхавання дзетак ці ўспомніць, як нараджаўся рок у Беларусі 90-х. Аднак Валянцін не можа даць нам паўнавартаснае інтэрв’ю праз краты, таму мы знайшлі некалькі ягоных цытат з інтэрв’ю, эсэ і ўспамінаў, якія не губляюць актуальнасці і цяпер. Так ягоны голас будзе гучаць побач, пакуль ён не выйдзе на волю і не распавядзе нам ужо новыя гісторыі. — У дзяцінстве я марыў стаць ляснічым. Сур’ёзна. Была ў мяне такая мара: жыць у лесе ў невялікай хатцы, удалечыні ад тлумнага горада. Не ведаю, чым былі выкліканыя такія мары. Можа, тым, што я часта заставаўся адзін сярод чужых мне людзей? У старэйшых класах школы я проста не ведаў, кім хачу быць і чаго хачу ў гэтым жыцці. Мне мроіліся далёкія падарожжы ў дзівосныя краіны. Для мяне зусім не важна было, чым займацца і дзе працаваць, хацелася нечага нязведанага, ад чаго б захоплівала дух.
Пра мары дзяцінства:
Пра вочы міліцыянтаў:
— У красавіку 1996-га я стаяў, трымаючыся за рукі з такімі ж, як я, “бэнээфаўцамі” і разгублена глядзеў у вочы свайму аднагодку ў міліцэйскай форме, што стаяў насупраць мяне. Такі ж самы 23-гадовы хлопец, мой зямляк, на цэнтральным праспекце роднага горада... Усё было, як у кіно: дэманстранты, міліцыя, газ, дручкі. Няўжо гэта ў нас? Няўжо яны будуць нас біць? За што? Вакол былі бойкі, нехта кульнуў міліцэйскую машыну. А мы так і стаялі, застыўшы насупраць адзін аднаго. Здавалася, прайшла вечнасць, покуль мой бацька не адпіхнуў мяне ад невядома адкуль ляцеўшага з узнятым над галавой дручком міліцыянта. За секунду я працверазеў. Потым была восень 1996-га, вясна 1997-га, першы арышт на пяць сутак, потым “Вясна”, потым... Я больш не гляджу ў вочы міліцыянтам.
Пра пачатак працы ў “Вясне”:
— І тут раптам я атрымаў зусім нечаканую прапанову ад Алеся Бяляцкага — далучыцца да праваабарончай арганізацыі «Вясна-96». На той момант яна была зарэгістравана як гарадское грамадскае аб'яднанне. Гэтую прапанову я ўспрыняў досыць насцярожана: я не ведаў, чым займаецца арганізацыя, хаця чуў, праўда, што яны збіраюць звесткі пра рэпрэсіі. Аднак Бяляцкі быў настойлівы і тлумачыў, што паколькі я юрыст, то павінен дапамагаць людзям, і што такая праца сёння патрэбная ўсім, а найперш тым, хто патр піў пад рэпрэсіі. Урэшце я зрабіў свой нялёгкі выбар, парваўшы пры гэтым са звыклым спакойным жыццём. Такім чынам, напрыканцы 1998 года я патрапіў у «Вясну». Але, прызнаюся шчыра, разуменне філасофіі правоў чалавека, іх сутнасці, прынцыпу ўніверсальнасці, прыйшло значна пазней. Вялікую ролю ў гэтым адыграла Польская Хельсінская фундацыя і асабіста Марэк Навіцкі, калі я навучаўся на некалькіх арганізаваных імі праваабарончых школах — гэта зрабіла на мяне моцнае ўражанне.
Пра самае цяжкае ў працы:
— Я ўвесь час больш за ўсё баяўся не прэсінгу, а менавіта таго, каб не зрабіцца абыякавым, бо для мяне гэта самае горшае — стаць тоўстаскурым. Магчыма, часам знешне выглядае, што праваабаронцы на многія праявы пераследу рэагуюць спакойна, ды і плакаць па кожным выпадку слёз не хопіць, аднак мы спрабуем рэагаваць хутка, як лекары, каб найхутчэй мінімізаваць кепскія наступствы для людзей, якія б складаныя выпадкі там ні былі. Але ад гэтага я чэрствым пакуль не зрабіўся. Я не аднойчы думаў аб тым, што самае цяжкае падчас працы ў «Вясне», і прыйшоў да высновы, што гэта — стасункі з маці. Найцяжэй размаўляць з маці, калі іх дзеці трапляюць у бяду. Вельмі моцна эмацыйна і псіхалагічна мяне «прыбіла» сітуацыя з маці расстралянага Андрэя Жука. Тут і слоў не хопіць, каб апісаць такі стрэс. Цяжка размаўляць, калі маці ведае, што яе сына заб'юць, і ў той жа час чакае нейкіх слоў надзеі, чакае цуду, якога ты зрабіць не ў сілах. І абнадзеіць яе не можаш. Аднак ты не мусіш гэтага казаць, ты мусіш супакоіць чалавека.
- Валянцін падчас сустрэчы са шведскай спявачкай Ларын, пераможцай Еўрабачання ў 2012 годзе. Тады жанчына падпісалася пад пэтыцыяй аб забароне смяротнага пакарання ў Беларусі
Пра будучыню:
— Думаю, што пасля змены рэжыму ў нас будзе яшчэ больш працы, але працаваць давядзецца на іншым узроўні — з дзяржавай як з партнёрам. Свае высілкі мы пачнем скіроўваць на трансфармацыю існуючых прававых і іншых сіс тэм: гэта і пенітэцыярная сістэма, і рэформа судоў, і рэформа адвакатуры. У нас назапашаны шматлікія напрацоўкі, наш вопыт можна будзе паспяхова выкарыстоўваць. А яшчэ важна стварыць механізм грамадскага кантролю над дзейнасцю сілавых структур, каб праваабаронцы маглі ўваходзіць у адмысловыя рады. Заўсёды ж ёсць канфлікт нейкіх інтарэсаў: грамадскіх, дзяржаўных — таму без працы не застанемся. Праваабаронцы не проста крытыкуюць уладу, добрую альбо дрэнную, — яны бароняць людзей.
Валянцін Стэфановіч: “Ніколі строем не хадзіў”
Пра свабоду:
— І ўсё ж пры ўсіх метамарфозах, якія адбыліся са мной за гэтыя гады, я ўдзячны лёсу. Удзячны за тое, што звёў мяне з цікавымі і цудоўнымі людзьмі, за тое, што, не зважаючы на навакольных, я казаў і кажу тое, што думаю, раблю тое, што падабаецца. Пасля 15 гадоў такога аўтаномнага існавання мяне цяжка прыручыць.
Я больш нікому не дазволю вадзіць сябе строем — ні лукашыстам, ні камуністам, ні хрысціянскім кансерватарам. Нікому!
За ўсе гэтыя гады я зразумеў, што самае галоўнае ў жыцці — свабода! Яе пах, як водар жанчын, якіх ты калісьці кахаў, застаецца ў памяці на ўсё жыццё. Гэта тое пачуццё, што выводзіць цябе на вуліцу, і там, сярод тысяч людзей, ты адчуваеш сябе свабодным і годным. Як я сумую па гэтых адчуваннях! Я амаль забыўся, як яны кружаць галаву.
Быць незалежным ад Сістэмы і быць гаспадаром свайго жыцця — вось у чым сапраўднае шчасце!
Мы даўно сталі рыбамі, у нас выраслі жабры. Нас цяжка прыдушыць і знішчыць. Нам няма куды хавацца, шкадаваць няма аб чым. Мы выраслі на гэтай вайне, мы вядзем бой, у якім няма канца і не бывае перамогі. Мы старыя жаўнеры "забытага палка" Дон-Кіхота.
Не думай пра заўтра — жыві сёння. Гэта тваё жыццё, твой лёс. Ты сам яго абраў.
Некалькі гадоў таму “Вясна” збірала кіна-рэкамендацыі Валянціна на тэму правоў чалавека ў рубрыцы “Афіша Стэфановіча”. Сёння нагадваем вам пра стужкі, якія праваабаронца раіў паглядзець усім зацікаўленым у тэме, а таксама прыводзім каментары Стэфановіча 1. “Адвакат”. "Адвакат" — гэта савецкі фільм крыху дэтэктыўнага жанру, але вельмі цікавы з пункту гледжання праблематыкі смяротнага пакарання. Фільм паказвае рэальную сітуацыю ў савецкай глубінцы, дзе адбылося забойства вядомага ў гэтым раёне камуніста. Мясцовае начальства кажа, што трэба знайсці вінаватых і пакараць. Так атрымліваецца, што падазрэнне падае на аднаго маладога чалавека ў кампаніі маладых людзей — з іх выбіваюць паказанні супраць свайго таварышча. У выніку хлопца прыгаворваюць да смяротнага пакарання за забойства, якога ён не ажыццяўляў. На дапамогу прыходзе малады маскоўскі адвакат Павел Бешмецьеў. 2. “Жыццё Дэвіда Гейла” Гэта дэтэктыўная драма пра самаахвяраванне дзеля перамогі над несправядлівасцю правасуддзя. Смяротнае пакаранне ў сучасным свеце сталася выклікам гуманізму, бо яшчэ не ўсе дзяржавы адмовіліся ад такой меры пераследу за злачынствы, у тым ліку і Беларусь. 3. “Каравул” Савецкі фільм, зняты па матэрыялах рэальнай крымінальнай справы, калі малады салдат унутраных войскаў Артурас Сакалаускас, які на працягу службы падвяргаўся здзекам з боку саслужыўцаў, у цягніку для перавозкі зэкаў з табельнай зброі расстраляў весь канвой і збег. Гэты фільм досыць жосткі, прысвечаны праблематыцы дзедаўшчыны ў савецкай арміі. Нажаль, гэта з'ява актуальна і для сенняшняй РФ, у нейкім сэнсе і для Беларусі. 4. “Усход ёсць Усход” Усход ёсць Усход" (1999) — гэта вельмі цікавы гумарыстычны фільм, які будзе цікава паглядзець з пункту гледжання сутыкнення розных культураў. Фільм пра тое, што не заўсёды тое, што хочуць бацькі, павінны рабіць іх дзеці. Фільм закранае пытанні: заставацца ў дыаспары, ці не; ці трэба жыць па тых правілах, па якіх жыве нейкая абшчына? Я думаю, гэты фільм будзе цікава паглядзець, асабліва ў кантэксце пытання адаптацыі мігрантаў у новых краінах. 5. “Жыццё па ліміту” "Гэта савецкі фільм часоў позняй перабудовы. Адну з галоўных роляў грае Алег Меньшыкаў — вядомы расійскі акцёр. Фільм прысвечаны сапраўдным падзеям, якія адбываліся ў Маскве ў 1980 годзе напярэдадні правядзення алімпійскіх гульняў, калі праводзілі акцыю па ачыстцы Масквы ад асацыяльных аліментаў. У фільме паказана жыццё звычайных людзей, якія па некіх прычынах выпалі з "сацыялістычаскага" соцыўма і што з імі адбылося ў савецкай рэчаіснасці. 6. “Прыслуга” Гэта фільм вельмі эмацыйны і ён дазваляе зразумець, што адчувалі людзі, якія падвяргаліся расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі ў Злучаных Штатах. Падзеі адбываюцца ў 60-я гады і гэты фільм будзе вельмі цікава паглядзець тым, хто хоча больш даведацца пра тое, як дзейнічала сегрэгацыя ў тыя часы. 7. “У марах пра Аргентыну” Гэты фільм з удзелам вядомага іспанскага актора Бандэраса, прысвечаны падзеям часоў вайсковай хунты ў Аргентыне, якая кіравала там з 1976 па 1983 год. Як вядома, гэта суправаджалася масавымі парушэннямі правоў чалавека. У прыватнасці, гэты фільм прысвечаны праблеме гвалтоўных знікненняў. Падчас кіравання хунты знікла некалькі дзесяткаў тысяч грамадзянаў Аргентыны. Зараз там, дарэчы, ідуць судовыя працэсы: адзін з кіраўнікоў хунты быў асуджаны да двух пажыццёвых зняволенняў і памёр у турме. Таксама ідуць суды над пілотамі так званых "Верталётаў смерці", з якіх скідалі ў акеан людзей. |
Валянцін Стэфановіч нарадзіўся ў Мінску ў 1972 годзе, скончыў сярэднюю школу №11. Пасля службы ў войску з чырвоным дыпломам скончыў юрыдычны факультэт Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін, працаваў юрыстам на Мінскім падшыпнікавым заводзе. З 1998 года — юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна", намеснік старшыні арганізацыі.
Падтрымаць Валянціна лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч |
Крыніца: Валянцін Стэфановіч: “Для мяне самае горшае — стаць тоўстаскурым”