У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Міліцыя не дазволіла вернікам памаліцца каля Чырвонага касцёла
«А 15-й гадзіне людзі яшчэ змаглі разам са свамі пробашчам сабрацца каля муроў касцёла на малітву. У 17 гадзін, калі людзей традыцыйна гэтым часам прыходзіць больш, каб памаліцца, праз некалькі хвілін з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, а пасля і людзі ў цывільным, якія проста выштурхоўвалі вернікаў з вонкавай тэрыторыя святыні.
Была спроба не дазволіць таксама пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Уладыславу Завальнюку працягнуць малітву каля дзвярэй зачыненнага касцёла. Аднак спроба не удалася! Людзей, якія падыходзілі на прыступкі да касцёла, таксама спрабавалі не пускаць далей. Астатнім жа прыйшлося раздзяляцца па асобку ваком свайго храма каб памаліцца аб хутчэйшым вяртанні храма вернікам», — распавёў у Facebook Віктар Ведзень.
Нагадаем, напачатку кастрычніка стала вядома, што ўлады забіраюць у вернікаў Чырвоны касцёл — ад парафіі тады патрабавалі забраць маёмасць з храму на працягу некалькіх дзён.
Дырэктарку прыватнай школы «Смарт Скул» у верасні асудзілі да 15 сутак. Ці выйшла яна на волю — невядома
15 верасня ў Мінску ў прыватнай школе «Смарт Скул» на перапынку адзін вучань стрэліў з пнеўматычнага пісталета іншай вучаніцы ў вока. Паводле следства, дырэктар і супрацоўнікі школы «ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў». 20 верасня Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) супраць 54-гадовай кіраўніцы школы Наталлі Базанавай. Але сама жанчына пазней заявіла, што інцыдэнт не датычыцца школы.
Ужо 21 верасня жанчына была затрымана. Спачатку яе дапытваў следчы, а ўвечары яе перавезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе ўрымлівалі да суда. Пратакол на Наталлю склалі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП — нібыта яна ў холе на першым паверсе РУУСа «лаялася, махала рукамі, кідалася ў бойку, а на просьбы супакоіцца не рэагавала».
Базанава сваю віну не прызнала і растлумачыла, што ў гэты момант знаходзілася ў камеры для затрыманых. Па словах сведкі-міліцыянта, Наталля ў момант «правапарушэння» затрыманай не была — проста «наведвальніцай» упраўлення. Суддзя Дзмітрый Карсюк 22 верасня прызнаў жанчыну вінаватай у «хуліганстве» і прызначыў ёй 15-сутачны арышт. Пакуль невядома, ці выйшла Наталля на волю.
Акрамя Наталлі 21 верасня затрымалі пісьменніка і настаўніка «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева. У «пакальным» відэа Дзмітрый паведаміў, што браў удзел у пратэстах, бо «хварэла сэрца за краіну». Вядома, што 23 верасня яго справу па арт. 19.1 КаАП разглядала суддзя Першамайсакага раёна Мінска Таццяна Ліннік. Але вынік праваабаронцам невядомы.
Калі вам вядомыя падрабязнасці і вынік суда — калі ласка, напішыце на @spring96info
Затрымалі знакамітага самелье Аляксандра Кульбачку
Як паведамляе "Наша Ніва", Аляксандр Кульбачка — саўладальнік аднаго з вінных бараў Мінска, у 2017 годзе быў прызнаны «Найлепшым самелье Беларусі», вядучы тэлеграм-канала «Саша і віно».
Сілавікі затрымалі пару мінчукоў, якія нібыта перадавалі дадзеныя сілавікоў у ЧКБ
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманыя — Раман Цыганкоў і Марыя Яшчанка.
На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што на відэа з адной з акцыі сярод сілавікоў ён пазнаў свайго аднакласніка і адправіў ягоныя дадзеныя ў бот «Чорнай кнігі».
Акрамя таго, абодва затрыманыя сказалі, што ўдзельнічалі ў «несанкцыянаваных мітынгах», піша @mediazona_by
Затрымалі блогера — вінавацяць у тым, што «кпіў з расійскіх сілавікоў
Як паведамляе "Наша Ніва", хлопца клічуць Максім (прозвішча невядомае), ён родам з ваколіцаў Мар'інай Горкі. У сацсетках ён асуджаў вайну — публікаваў здымкі разбураных украінскіх гарадоў і параўноўваў расійскія ўлады з нацысцкімі. 1 красавіка яго старонку ва ўкантакце забаранілі на тэрыторыі Расіі.
Нядаўна яго затрымалі. ГУБАЗіКаўцы сцвярджаюць, што ён «радаваўся смерцям расійскіх вайскоўцаў» і «абразіў Лукашэнку». Таксама Максім, як заяўляюць сілавікі, быццам бы хацеў паехаць ваяваць ва Украіну і звяртаўся ў бот Палка Каліноўскага з гэтай нагоды.
У канале сілавікоў паведамляецца, што супраць хлопца заведзеная крымінальная справа.
Затрыманыя сужэнцы-журналісты, імаверна, на «Валадарцы» — паводле «народнага артыкула»
Як паведамляе БАЖ, праз тыдзень пасля затрымання сужэнцаў-журналістаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец іх сябрам удалося даведацца, што, мяркуючы па ўсім, яны знаходзяцца ў сталічным СІЗА №1. Ім інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Пра затрыманне Аляксандра і Сняжаны стала вядома 6 кастрычніка. На наступны дзень у адным з праўладных тэлеграм-каналаў з’явілася «пакаяльнае відэа» з затрыманымі — на ім яны «прызнаюцца» ў падпісках на «дэструктыўныя каналы» і ва ўдзеле у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
"Я нават не ведаю спыніў ён галадоўку ці не", — маці палітвязня Ігара Аліневіча, які пачаў галадоўку тры тыдні таму
Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча 24 верасня змясцілі ў штрыфны ізалятар. 19 верасня Ігар абвесціў галадоўку. Пры гэтым двакату ўжо тройчы адмовілі ў спатканні з палітвязнем. Пра гэта паведаміла маці Ігара:
"Сітуацыя з Ігарам вельмі насцярожвае. Адваката ўжо трэці раз не дапускаюць у жодзінскую турму. Адміністрацыя матывуе свае дзеянні тым, што ад Ігара няма заявы на кожную сустрэчу з адвакатам. Мяркуючы па тым, што ад яго няма і лістоў, прыходжу да высновы, што знаходжанне ў штрафным ізалятары падоўжылі.
Хто не ў курсе, то ў штрафным ізалятары не даюць ні толькі пасцельнай бялізны, але і паперы з ручкай-алоўкам, то бок напісаць заяву няма магчымасці. Я нават не ведаю спыніў ён галадоўку ці не."
Падтрымайце Ігара лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі: Турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Ігару Уладзіміравічу Аліневічу
Падтрымаць анлайн
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Новыя затрыманні, рэпрэсіі ў рэлігійнай сферы: хроніка пераследу 12 кастрычніка