Больш за два гады ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць беларусаў, якія кожны дзень пратэстуюць супраць дзейнай улады, а таксама вайны ва Украіне. Катаванні і збіванне з боку сілавікоў не спыняецца ні на дзень. Міліцыянты ўрываюцца ў кватэры беларусаў, ладзяць ператрусы, а потым складаюць адміністрацыйныя пратаколы па надуманых прычынах. Па дадзеных "Вясны", у верасні адбылося не менш за 237 судовых пасяджэнняў паводле адміністрацыйных справаў. Беларускімі суддзямі было прызначана мінімум 40 штрафаў і не менш за 85 адміністрацыйных арыштаў. Акрамя гэтага, праваабаронцам вядома пра чатыры выпадкі, калі суддзі спынілі справы за адсутнасцю ў дзеяннях складу правапарушэння. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў верасні.   У Кобрыне ў сярэдзіне верасня затрымалі мясцовага жыхара за чырвона-белы шалік, які ён павесіў на помнік Сувораву. Паводле пратакола, мужчына, "дзеючы наўмысна, накінуў і завязаў на помніку-бюсце імя Суворава шалік чырвона-белага колеру з надпісамі на замежнай мове, чым сапсаваў эстэтычны выгляд дадзенага помніка і парушыў грамадскі парадак". Па словах самога мужчыны, па дарозе ён знайшоў шалік, які вырашыў павесіць на помнік, каб яго ўбачылі і забралі.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"Суткі" за бел-чырвоны шалік на помніку Сувораву

Падставай для затрымання стала скарга "неабыякавага грамадзяніна", які паведаміў у міліцыю, што "невядомы павесіў на помнік бел-чырвоны польскі шалік". Суд палічыў віну мужчыны даказанай, таму арыштаваў яго на 10 сутак.

Арыштавалі машыну за пікетаванне БЧБ-торбай у багажніку

У Ваўкавыску ў пачатку жніўня асудзілі жанчыну паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП "несанкцыянаванае пікетаванне". Яе абвінавацілі ў тым, што "ў багажніку сваёй машыны размясціла для агульнага агляду торбу бел-чырвона-белага колеру, а на панэлі аўтамабіля — сімволіку з выявай арнаменту таго ж колеру". Сваю віну жанчына не прызнала. У выніку суд пастанавіў аштрафаваць яе на 155 базавых велічыняў (4 960 рублёў), а машыну і тэлефон пакінуць пад арыштам, пакуль яна не сплаціць суму штрафа.

Жанчына вырашыла абскардзіць рашэнне суда. 15 верасня скаргу разглядзеў Гродзенскі абласны суд. Жанчына ўпэўненая, што сімволіка, якая знаходзілася ў аўтамабілі, у тым ліку торба бел-чырвона-белага колеру, не з'яўляецца фактам выказвання пратэсту супраць дзейнай улады. Таксама яна на судзе адзначыла, што былі парушаны яе канстытуцыйныя правы, а сама яна прыцягнута да адказнасці незаконна. У выніку рашэнне пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

Мінскія сілавікі везлі затрыманага на таксоўцы ў РУУС

Кожны дзень у Мінску судзяць беларусаў за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП) і "непадпарадкаванне міліцыянтам" (арт. 24.3 КаАП). Сілавікі затрымаліваюць іх дома, збіваюць, а потым складаюць пратаколы нібыта за адмову адчыніць дзверы або за "хуліганства" ў будынках РУУСаў. Некаторых пасля першага арышту перазатрымліваюць па новым пратаколе і зноў адпраўляюць на "суткі".

Так, напрыклад, здарылася і з вядучым менеджарам з Мінску, якога 22 верасня асудзілі другі раз запар. Яго абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся каля Цэнтральнага РУУСа, «лаяўся, махаў рукамі, кідаўся ў бойку, а на просьбы супакоіцца не рэагаваў».

Пры гэтым сам хлопец віны не прызнаў і адзначыў, што да 19:00 знаходзіўся з супрацоўнікамі ЦІПа на Акрэсціна, а потым яны перадалі яго супрацоўнікам РУУСа. З Акрэсціна ва ўпраўленне, па словах хлопца, яго везлі на таксоўцы. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў яму пяць сутак арышту.

Мінчука арыштавалі за пікетаванне ў будынку суда

У будынку Савецкага і Першамайскага судоў у Мінску ў сярэдзіне верасня быў затрыманы мінчук за "несанкцыянаванае пікетаванне". Падставай для затрымання стала бірулька з выявай "Пагоні" на фоне бел-чырвона-белага сцяга. За гэта на хлопца склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Віну хлопец не прызнаў. Суд пастанавіў пакараць яго 14-сутачным арыштам.

Дырэктарку прыватнай школы "Смарт Скул" у верасні асудзілі да 15 сутак за "хуліганства"

15 верасня ў Мінску ў прыватнай школе "Смарт Скул" на перапынку адзін вучань стрэліў з пнеўматычнага пісталета іншай вучаніцы ў вока. Паводле следства, дырэктар і супрацоўнікі школы «ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў». 20 верасня Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК) супраць 54-гадовай кіраўніцы школы Наталлі Базанавай. Але сама жанчына пазней заявіла, што інцыдэнт не датычыцца школы.

Ужо 21 верасня жанчына была затрымана. Спачатку яе дапытваў следчы, а ўвечары яе перавезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе ўтрымлівалі да суда. Пратакол на Наталлю склалі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП — нібыта яна ў холе на першым паверсе РУУСа «лаялася,махала рукамі, кідалася ў бойку, а на просьбы супакоіцца не рэагавала».

Базанава сваю віну не прызнала і растлумачыла, што ў гэты момант знаходзілася ў камеры для затрыманых. Па словах сведкі-міліцыянта, Наталля ў момант «правапарушэння» затрыманай не была — проста «наведвальніцай» упраўлення. Суддзя Дзмітрый Карсюк 22 верасня прызнаў жанчыну вінаватай у «хуліганстве» і прызначыў ёй 15-сутачны арышт. 

Акрамя Наталлі 21 верасня затрымалі пісьменніка і настаўніка "Смарт Скул" Дзмітрыя Юртаева. У «пакальным» відэа Дзмітрый паведаміў, што браў удзел у пратэстах, бо «хварэла сэрца за краіну». Вядома, што 23 верасня яго справу за "хуліганства" разглядала суддзя Першамайсакага раёна Мінска Таццяна Ліннік. Але вынік праваабаронцам невядомы.

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі трэці раз запар

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзверы ў кватэру праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава і затрымалі яго. На наступны дзень святара асудзілі на 14 сутак арышту. Але 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай стаў рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

Як паведамляе "Хрысціянская Візія", 16 верасня над Уладзіславам адбыўся трэці суд. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак. Агулам за кратамі святара будуць утрымліваць 44 дні. Таксама паведамляецца, што ён перахварэў у няволі на кавід. Нагадаем, для «палітычных» на Акрэсціна перадачы не прымаюць.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

"Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву". У Віцебску зноў асудзілі ксяндза, але ён пакінуў Беларусь

У судзе Першамайскага раёна Віцебска 9 верасня адбыўся суд над ксяндзом і пробашчам парафіі Святога Духа ў Віцебску Андрэем Вашчуком. Яго абвінавацілі ў размяшчэнні 21 лютага ў тг-чаце "Рэальная Беларусь" выявы са свастыкай у карыкатурнай форме. Пратакол паводле арт. 19.10 КаАП быў складзены на ксяндза, пакуль той знаходзіўся за кратамі па іншым адміністрацыйным пратаколе.

Суддзя Андрэй Андрушэнка зачытаў дадзеныя памежнага камітэту: «Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву 15 жніўня». Таму справу Вашчука разглядалі без яго ўдзелу. У выніку суд пакараў святара штрафам у памеры 320 рублёў.

Нагадаем, Вашчук быў затрыманы ГУБАЗіКам 15 ліпеня. Праз тры дні над ім адбыўся першы суд па арт. 24.23 КаАП, а 20 ліпеня — другі, але па арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі 30 сутак арышту. Пасля вызвалення ксёндз пакінуў Беларусь. Паведамляецца, што ў касцёле Святога Духа быў праведзены ператрус.

Паехаў у санаторый, а трапіў на "суткі": беларуса асудзілі за майку са «спецыфічнай сімволікай»

У пачатку верасня ў санаторыі "Лясное" сілавікі затрымалі мужчыну, які прыехаў на адпачынак. Падставай стала майка з "Пагоняй" і з надпісам "#БНР100 Хай воля вечна будзе з намi!". На судзе мужчына цалкам прызнаў віну і патлумачыў, што ў канцы жніўня ён разам з жонкай прыехаў на адпачынак у санаторый. У адзін з дзён апрануў майку і нейкі час знаходзіўся ў ёй у адміністрацыйным будынку сярод адпачывальнікаў.

На майку са "спецыфічнай сімволікай" звярнуў увагу «неабыякавы грамадзянін» і паскардзіўся ў Докшыцкі РАУС. У выніку мужчыну затрымалі, а майку вынялі. Да матэрыялаў справы далучылі відэазапіс з санаторыя, на якім зафіксаваны "ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні". Вядома, што ў студзені мужчыну ўжо судзілі па арт. 24.23 КаАП.

Суддзя Докшыцкага раёна Вячаслаў Елісеенка 5 верасня прызнаў мужчыну вінаватым у "пікетаванні" і арыштаваў яго на 15 сутак, а майку пастанавіў знішчыць як "не ўяўлялую каштоўнасці".

Пераслед супрацоўнікаў "Белагра"

29 верасня ў кампаніі "Белагра" прайшлі затрыманні. Пазней прэс-служба МУС паведаміла, што агулам затрымана каля 20 чалавек. Перад гэтым быў затрыманы яшчэ адзін супрацоўнік кампаніі — экс-кіраўнік лукашэнкаўскага пула на АНТ Дзмітрый Семчанка.

Яго разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Юлію пазней адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда. Сёння мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), а Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў. Вядома, што пасля арышту яго перазатрымалі і зноў кінулі на "суткі".

Праваабаронцам "Вясны" вядома, што над некаторымі адбыліся суды па арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і па арт. 19.1 КаАП "дробнае хуліганства". Адміністрацыйныя справы супраць іх разглядалі ў судах Маскоўскага і Заводскага раёнаў. Некаторыя затрыманыя выйшлі пасля суда са штрафам.

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі (іх прозвішчы не называюцца) распачатыя крымінальныя справы "звязаныя з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням".

Яшчэ двух супрацоўнікаў "Нафтана" закінулі на «суткі»

У канцы жніўня сілавікі затрымалі ў Наваполацку двух супрацоўнікаў «Нафтана» — Сяргея Ціценку і Андрэя Васільева. Сяргея затрымалі 26 жніўня, а Андрэя — 29 жніўня. Суддзя Зінаіда Балаболава асудзіла нафтанаўцаў паводле арт. 19.11 КаАП нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прызначыла кожнаму па 15 сутак арышту.

Вядома, што Ціценка пасля 15 сутак быў перазатрыманы па новым пратаколе. 12 верасня, над ім адбыўся чарговы суд. Суддзя Балаболава зноў арыштавала мужчыну на 15 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Насту Лойку і Данілу Кашэўскага адправілі за краты пасля суда над Марфай Рабковай

Данілу Кашэўскага 7 верасня арыштавалі на 12 сутак. Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Млечка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты з тг-каналаў, якія былі прызнаны «экстрэмісцкімі».

Праваабаронца Наста Лойка таксама была арыштаваная на 15 сутак. Але пасля арышту яе не выпусцілі на волю, а перазатрымалі па новым артыкуле. У выніку ёй зноў прызначылі 15-сутачны арышт за "дробнае хуліганства".

Нагадаем, учора каля Мінгарсуда пасля суда над Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі адбыўся «хапун», у выніку якога затрымалі больш за 10 чалавек. Але за кратамі ў Фрунзенскім РУУСе пакінулі толькі Кашэўскага і Лойку.

Адваката Уладзіміра Ангельскага арыштавалі на 14 сутак

2 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы адваката Уладзіміра Ангельскага. Яго затрымалі ў Мінску яшчэ 31 жніўня. У Маскоўскім РУУСе на адваката склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП "непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі". Вядома, што суддзя Юрый Машкетаў пачаў разгляд справы яшчэ 1 верасня. На судзе дапыталі і сведку-міліцыянта, які блытаўся ў паказаннях, а на судзе праз скайп прысутнічаў у балаклаве.

У выніку, Уладзіміра прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыянту і аршытавалі на 14 сутак.

Ангельскі — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро "РЕВЕРА", а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро "Брагінец і Партнёры". Цяпер адвакат Віталь Брагінец прызнаны палітычным зняволеным.

Крыніца: Мінімум 85 арыштаў і 40 штрафаў: як і за што судзілі беларусаў у верасні