У Гомельскім абласным судзе 12 кастрычніка судзілі Валянціна Федарэнку паводле ч. 1 арт. 361-4 і ч.2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў.
"Радыё Свабодзе" сталі вядомыя падрабязнасці судовага працэса над пенсіянерам.
Вялянцін Федарэнка даслаў з кнопачнага тэлефона 160 тэкставых паведамленняў на польскі нумар тэлеканала “Белсат”. За гэта яго абвінавачваюць у “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”. Валянціну, які мае псіхічнае захворванне, пагражае дашасці гадоў пазбаўлення волі.
У паведамленнях мужчына пісаў пра перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі ў Гомелі і ўзлёты расійскіх самалётаў з аэрадромаў Гомельскай вобласці.
На судовым паседжанні Валянцін прызнаў віну і раскаяўся. Ён заяўвіў, што не ведаў аб тым, што тэлеканал “Белсат” – экстрэмісцкае фармаванне. Нумар тэлефона ён даведаўся праз тэлевізар, які падлучаецца да інтэрнэта. Пазней тэлевізар забралі “як сродак здзяйснення злачынства”.
Паводле крыніцы “Свабоды” Валянцін мае невылечнае псіхічнае захворванне. Дыягназ паставілі яшчэ ў 80-я гады. Пазней пенсіянер не звяртаўся да лекараў.
“Цяпер судзьдзя і пракурор ня ведаюць, што зь ім рабіць. Бо на судзе высьветлілася, што яго яшчэ ў 80-х прызналі неадэкватным, такім, хто не адказвае за свае ўчынкі, доўга лячылі ў псыхіятрычным стацыянары. Цяпер жа экспэртыза прызнала яго адэкватным. І толькі дакумэнты са шпіталя спынілі працэс, бо ўжо меўся быць прысуд”, — патлумачыла крыніца.
На судзе эксперт пацвердзіла, што захворванне невылечнае і можа быць толькі рэмісія. Федарэнку накіравалі на новую судовую экспертызу.
“Апроч псыхіятрычнага дыягназу, у яго праблемы зь фізычным здароўем. У яго выразалі грыжу, ён ня можа сядзець, толькі ляжаць ці стаяць, ёсьць іншыя праблемы. А чалавека трымаюць у СІЗА”, — дадала крыніца.